Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 106

Леў Мікалаевіч Талстой

«Каб ведаў, начаваць бы застаўся. Але нічога, даедзем і заўтра. Толькі дзень лішні. У гэткае надвор’е і тыя не паедуць». I ён успомніў, што да дзевятага трэба атрымаць за маркачоў грошы ад мясніка. «Хацеў быў сам прыехаць; не застане мяне — жонка не зможа грошай узяць. Вельмі ж неадукаваная. Абыходжання сапраўднага не ведае»,— разважаў ён далей, прыгадваючы, як яна не ўмела абысціся са станавым, які быў учора на свяце ў яго ў гасцях. «Вядома — жанчына! Дзе яна што бачыла? За бацькамі які наш дом быў? Так сабе, вясковы мужык багаты: рушка ды заезны дом — і ўсё тое багацце. А я што за пятнаццаць гадоў зрабіў? Крама, два шынкі, млын, ссыпка, два маёнткі ў арэндзе, дом са свірнам пад жалезным дахам,— прыгадваў ён з гонарам.— Не тое, што за бацькам! Хто цяпер у акрузе грыміць? Брахуноў.

А чаму так? Таму што справу помню, стараюся, не так, як іншыя — лежні або глупствам займаюцца. А я начэй не сплю. Мяцеліца не мяцеліца — еду. Ну і справа робіцца. Яны думаюць, так, жартуючы грошыкі нажываюць. Не, ты папрацуй ды галаву паламай. Вось гэтак заначуй у полі ды ночы не спі. Нібы падушка ад думы ў галавах варочаецца,— разважаў ён з гонарам.— Думаюць, што ў людзі выходзяць праз шчаслівы выпадак. Вунь, Міронавы пры мільёнах зараз. А чаму? Працуй. Бог і дасць. Толькі б даў бог здароўя».

I думка пра тое, што і ён можа зрабіцца гэткім жа мільёншчыкам, як Міронаў, які пачаў з нічога, так усхвалявала Васіля Андрэевіча, што ён адчуў патрэбу пагаварыць з кім-небудзь. Але гаварыць не было з кім... Каб толькі даехаць да Гарачкава, там бы ён пагаварыў з памешчыкам, замазаў бы яму вочы.

«Глядзі ты, як дзьме! Занясе так, што і не ўстанеш раніцаю!» — падумаў ён, прыслухоўваючыся да завывання ветру, які дзьмуў у перадок, нагінаючы яго, і сек ягоны лубок снегам. Ён прыўстаў і азірнуўся: у белым снежным мяльтошанні відаць была толькі цёмная галава Гнядога і ягоная спіна, пакрытая зрэб’ем, і густы завязаны хвост; вакол жа, з усіх бакоў, спераду, ззаду, усюды была адна і тая ж аднастайная белая хісткая цемра, якая часам нібыта крышку святлела, а часам яшчэ больш гусцела.

«I дарэмна паслухаў я Мікіту,— думаў ён.— Трэба было ехаць, выехалі б куды-небудзь. Хоць назад бы даехалі ў Грышкава, начавалі б у Тараса. А то вось сядзі ўсю ноч. Ды што, ты сказаў, добрага было? Так, што за турботы бог дае, а не гультаям, абібокам ці дурням. Ды і пакурыць трэба!» Ён сеў, дастаў папяросніцу, лёг жыватом уніз, прыкрываючы крысом ад ветру агеньчык, але вецер знаходзіў ход і тушыў запалкі адну за адной. Нарэшце ён ухітрыўся запаліць адну і закурыў. Тое, што ён дабіўся свайго, дужа ўзрадавала яго. Хоць папяроску выкурыў больш вецер, чым ён, ён усё ж зацягнуўся разы тры, і яму зноў стала весялей. Ён зноў прыхіліўся да задка, ухутаўся і зноў пачаў успамінаць, марыць і зусім нечакана раптам страціў прытомнасць і задрамаў.