Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 102

Леў Мікалаевіч Талстой

Васіль Андрэевіч кіраваў, даючы каню самому трымацца дарогі. Аднак Гняды, нягледзячы на тое, што адпачыў у вёсцы, бег неахвотна і як быццам збочваў з дарогі, таму Васіль Андрэевіч колькі разоў папраўляў яго.

«Вось справа адна тычка, вось другая, вось і трэцяя,— лічыў Васіль Андрэевіч,— а вунь наперадзе і лес»,— падумаў ён, углядаючыся ў нешта чорнае наперадзе. Аднак тое, што здалося яму лесам, быў толькі куст. Куст абмінулі, праехалі яшчэ сажняў з дваццаць,— чацвёртай тычкі не было, і лесу не было. «Зараз павінен быць лес»,— думаў Васіль Андрэевіч і, падагрэты віном і чаем, не спяшаючыся торгаў лейцы, і паслухмяная, добрая жывёліна то інахаддзю, то трушком бегла туды, куды яе пасылалі, хаця і ведала, што яе пасылаюць зусім не туды, куды трэба. Прайшло хвілін з дзесяць, а лесу ўсё не было.

— Здаецца, мы зноў збіліся! — сказаў Васіль Андрэевіч, спыняючы каня.

Мікіта моўчкі злез з саней і, прытрымліваючы свой халат, які то прыліпаў да цела пад ветрам, то расхрыстваўся, пайшоў лазіць па снезе; пайшоў у адзін бок, пайшоў у другі. Разы тры ён зусім знікаў з вачэй. Нарэшце ён вярнуўся і ўзяў лейцы з рук Васіля Андрэевіча.

— Управа ехаць трэба,— сказаў ён строга і рашуча, заварочваючы каня.

— Ну, управа дык управа пайшоў,— сказаў Васіль Андрэевіч, аддаючы лейцы і засоўваючы адубелыя рукі ў рукавы.

Мікіта не адказваў.

— Ну, дружа, папрацуй,— крыкнуў ён на каня; аднак конь, нягледзячы на патрэсванне лейцаў, па-ранейшаму ішоў ступою.

Снег быў там-сям па калена, і сані торгаліся рыўкамі з кожным рухам каня.

Мікіта ўзяў пугу, якая вісела ў перадку, і хвастануў. Добры, непрывычны да пугі конь рвануў рыссю, але адразу ж перайшоў на інахадзь і зноў пайшоў ступою. Гэтак ехалі хвілін пяць. Было так цёмна і так мяло зверху і знізу, што іншы раз нават дугі не было відаць. Сані, здавалася часам, стаялі на месцы, і поле бегла назад.

Раптам конь рэзка спыніўся, мусіць, чуючы штось нядобрае перад сабою. Мікіта зноў спрытна саскочыў, кідаючы лейцы, і пайшоў перад канём, каб паглядзець, чаго ён спыніўся; аднак толькі ён быў сабраўся зрабіць крок перад канём, як ногі ягоныя паслізнуліся і ён паляцеў з нейкае кручы.

— Тпру, тпру, тпру,— казаў ён сабе, падаючы. Ён прыкладаў усе сілы, каб як затрымацца, але марна, і затрымаўся, толькі ўрэзаўшыся нагамі ў намецены ўнізе яра тоўсты пласт снегу.

Сумёт над кручаю, патрывожаны Мікітавым падзеннем, насыпаў яму за каўнер поўна снегу...

— Вось ты як! — з дакорам вымавіў Мікіта, звяртаючыся да сумёта і яра і вытрэсваючы снег з-за каўняра.

— Мікіта, Мікіта!— крычаў Васіль Андрэевіч.

Але Мікіта не адгукаўся.

Яму не было калі: ён абтрасаўся, потым шукаў пугу, якую ўпусціў, калі каціўся з кручы. Нарэшце ён знайшоў пугу і стаў караскацца ўгору, але ўсе яго намаганні былі марныя; ён скочваўся назад і ў рэшце рэшт вымушаны быў нізам ісці шукаць выхада з яра. Сажні за тры ад таго месца, дзе ён паляцеў уніз, ён з цяжкасцю выпаўз на карачках угору і падаўся краем яра да таго месца, дзе павінен быў стаяць конь. Каня і саней ён не бачыў; але паколькі ён ішоў на вецер, ён, перш чым убачыць іх, пачуў крык Васіля Андрэевіча і ржанне Гнядога, якія клікалі яго.