Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 101

Леў Мікалаевіч Талстой

Пятруха ў кажусе стаяў са сваім канём пасярод двара і дэкламаваў, усміхаючыся, вершы з Паульсона. Ён гаварыў: «Буря с мглою небо скроить, вихри снежные крутять, аж как зверь она завоить, аж заплачеть как дитё».

Мікола ўхвальна ківаў галавою і разбіраў лейцы.

Стары, праводзячы Васіля Андрэевіча, вынес ліхтар у сенцы і хацеў пасвяціць яму, але ліхтар адразу ж задзьмула. Нават на падворку было відаць, што мяцеліца разгулялася яшчэ мацней.

«Ну і надвор’е,— падумаў Васіль Андрэевіч,— бадай, і не даедзеш, аднак нельга, справы! Ды і сабраўся ўжо, і конь гаспадарскі запрэжаны. Даедзем, бог дасць!»

Стары гаспадар таксама думаў, што не варта ехаць, але ён ужо ўгаворваў астацца, яго не паслухалі. Болей прасіць нечага. «Можа, я ад старасці гэтак баюся, а яны даедуць,— думаў ён.— Ды і спаць хоць ляжам у час. Без клопату».

Пятруха ж і не думаў пра небяспеку: ён добра ведаў дарогу і ўсё наваколле, апрача таго, вершык пра тое, як «вихри снежные крутять», падбадзёрваў яго тым, што дакладна выяўляў тое, што адбывалася на вуліцы. Мікіта ж рашуча не хацеў ехаць, але ён ужо даўно прывык не мець свае волі і слухацца іншых, таму ніхто іх не затрымаў.

V

Васіль Андрэевіч падышоў да саней, з цяжкасцю разбіраючы ў цемрыве, дзе яны, залез у іх і ўзяў лейцы.

— Пайшоў паперадзе! — крыкнуў ён.

Пятруха ўскочыў на развалкі, стаў на калені і пусціў свайго каня. Гняды, учуўшы наперадзе кабылу, заржаў, кінуўся за ёю, і яны выехалі на вуліцу. Зноў паехалі слабадою і той жа дарогай, міма таго ж падворка з развешанаю бялізнаю, якой цяпер ужо не відаць было; міма таго ж тока, які ўжо быў занесены амаль да страхі, і з якога сыпаў бясконцы снег; міма тых жа лазін, якія змрочна шумелі, свісталі і зноў апынуліся сярод снежнага, бурнага і ўверсе і ўнізе мора. Вецер быў такі моцны, што калі ён дзьмуў убок і седакі парусілі супраць яго, дык ён нахіляў набак сані і збіваў каня з дарогі. Пятруха ехаў развалістай рыссю сваёй добрай кабылы паперадзе і бадзёра пакрыкваў. Гняды рваўся за ёю.

Калі яны праехалі гэтак хвілін з дзесяць, Пятруха павярнуўся і нешта крыкнуў. Ні Васіль Андрэевіч, ні Мікіта не пачулі праз вецер, але здагадаліся, што яны прыехалі да завароткі. Сапраўды, Пятруха звярнуў направа, і вецер, які дзьмуў убок, зноў пачаў біць у твар, і справа, штось зачарнела. Гэта быў кусцік ля завароткі.

— Ну, з богам!

— Дзякуй, Пятруха!

— Буря небо мглою кроить,— пракрычаў Пятруха і знік.

— Бачыш, які вершатворац,— сказаў Васіль Андрэевіч і крануў лейцы.

— Так, хлапец добры, мужык сапраўдны,— сказаў Мікіта.

Паехалі далей.

Мікіта гэтак ухутаўся і ўцягнуў галаву ў плечы, што невялікая барада закрывала ягоную шыю; ён сядзеў моўчкі, стараючыся не страціць набранага ў хаце за чаем цяпла. Перад сабою ён бачыў роўныя лініі аглабель, якія ўвесь час ашуквалі яго і здаваліся яму наезджанай дарогай, хісткі зад каня са скасабочаным, завязаным вузлом, хвастом і далей, наперадзе, высокую дугу, галаву і шыю каня з доўгаю грываю. Зрэдку яму трапляліся на вочы тычкі, і ён ведаў, што едуць яны пакуль па дарозе і рабіць яму нечага.