Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 103

Леў Мікалаевіч Талстой

— Іду, іду, чаго гагочаш! — азваўся Мікіта.

I толькі калі зусім блізка падышоў да саней, ён убачыў каня і Васіля Андрэевіча, які выглядаў чамусьці незвычайна вялікім.

— Дзе цябе чэрці носяць? Назад трэба ехаць. Хоць да Грышкава як дабрацца,— злосным тонам кінуў гаспадар Мікіту.

— Добра было б вярнуцца, Васіль Андрэевіч, але куды ехаць? Тут гэтакі яр, што калі паляціш туды — толькі цябе і бачылі. Я туды грымнуўся так, што праз сілу выбраўся.

— Не стаяць жа нам тут. Трэба куды-небудзь ехаць,— сказаў Васіль Андрэевіч.

Мікіта нічога не адказваў. Ён сеў на сані спіною да ветру, скінуў боты, вытрас з іх снег, потым узяў крышку саломы і старанна заткнуў ёю з сярэдзіны дзірку ў левым боце.

Васіль Андрэевіч маўчаў, ён цяпер ужо, як здавалася, ва ўсім спадзяваўся толькі на Мікіту. Пераабуўшыся, Мікіта надзеў рукавіцы, узяў лейцы і завярнуў каня ўздоўж яра. Аднак не праехалі яны і ста крокаў, як конь зноў заўпарціўся. Перад ім зноў быў яр.

Мікіта зноў вылез і зноў пайшоў хадзіць па снезе. Даволі доўга ён хадзіў. Нарэшце паявіўся з процілеглага боку.

— Андрэевіч, жывы? — крыкнуў ён.

— Тут! — падаў голас Васіль Андрэевіч.— Ну, што?

— Нічога не відаць. Цёмна. Яры нейкія. Трэба зноў на вецер ехаць.

Зноў паехалі, зноў хадзіў Мікіта па снезе. Зноў садзіўся, зноў хадзіў і, нарэшце, задыхаўшыся, спыніўся ля саней.

— Ну, што? — спытаў Васіль Андрэевіч.

— Ды што, знясілеў я ўвесь! Ды і конь становіцца.

— Што ж рабіць?

— Ды вось, пачакай.

Мікіта зноў пайшоў і хутка вярнуўся.

— Трымайся мяне,— сказаў ён, заходзячы перад канём.

Васіль Андрэевіч ужо нічога не загадваў, а пакорна рабіў тое, што казаў яму Мікіта.

— Сюды, за мной! — закрычаў Мікіта, таропка адступаючы ўправа і хапаючы за ляйчыну Гнядога і выкіроўваючы яго кудысьці ўніз, у сумёт.

Конь спачатку заўпарціўся, але потым кінуўся наперад, спадзеючыся праскочыць сумёт, ды не адолеў і сеў у яго па хамут.

— Злазь! — закрычаў Мікіта на Васіля Андрэевіча, які ўсё яшчэ сядзеў на санях, і, падхапіўшы пад адну аглоблю, стаў пасоўваць сані на каня.— Цяжка, браток,— звярнуўся ён да Гнядога,— ды што зробіш, трэба паднатужыцца! Но, но, яшчэ крышку! — крыкнуў ён.

Конь рвануў раз, другі, але ўсё роўна не выбраўся і зноў сеў, нібы штось абдумваючы.

— Што ж, браток, так нядобра,— сарамаціў Мікіта Гнядога.— Ну, яшчэ!

Зноў Мікіта пацягнуў за аглоблю са свайго боку; Васіль Андрэевіч рабіў тое ж з другога. Конь крутнуў галавой і зноў рвануў.

— Но! можа, не патонеш! — крычаў Мікіта.

Скачок, другі, трэці, і, нарэшце, конь выбраўся з сумёта і спыніўся, цяжка дыхаючы і атрасаючыся. Мікіта хацеў быў весці далей, але Васіль Андрэевіч гэтак задыхаўся ў сваіх двух футрах, што не мог ісці і паваліўся на сані.

— Дай прадыхнуць,— сказаў ён, распускаючы хустку, якой яшчэ ў вёсцы завязаў каўнер.

— Тут ужо нічога, ты ляжы,— сказаў Мікіта,— я правяду,— і з Васілём Андрэевічам на санях правёў каня за аброць уніз крокаў з дзесяць, потым крыху ўгару і спыніўся.