Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 104

Леў Мікалаевіч Талстой

Месца, на якім спыніўся Мікіта, было не ў лагчыне, дзе снег, змецены з пагоркаў, мог бы зусім засыпаць іх, але яно ўсё ж часткова было прыкрыта ад ветру краем яра. Былі хвіліны, калі вецер як быццам крышку аціхаў, аднак гэта працягвалася нядоўга, і нібы дзеля таго, каб нагнаць гэты адпачынак, бура налятала пасля гэтага з падзесяцяронаю сілаю, з яшчэ большаю лютасцю рвала і круціла. Такі парыў ветру ўдарыў у тую хвіліну, калі Васіль Андрэевіч, аддыхаўшыся, злез з саней і падышоў да Мікіты, каб параіцца, што рабіць. Абодва міжвольна прыгнуліся і пачакалі гаварыць, пакуль пройдзе лютасць парыву. Гняды таксама міжвольна прытуліў вушы і махаў галавою. Як толькі крыху суняўся парыў ветру, Мікіта зняў рукавіцы, заткнуў іх за папругу, падыхаў на рукі і стаў адвязваць з дугі павадок.

— Ты што гэта робіш? — спытаў Васіль Андрэевіч.

— Выпрагаю, што ж яшчэ? Сіл няма,— быццам просячы прабачэння, адказваў Мікіта.

— А хіба не выедзем куды?

— Не выедзем, толькі каня замучым. Ён жа, нябога, зусім знясілеў,— сказаў Мікіта, паказваючы на паслухмянага каня, які да ўсяго быў гатовы і цяжка дыхаў крутымі і мокрымі бакамі.— Начаваць трэба,— паўтарыў ён такім тонам, нібы збіраўся начаваць у заезным доме, і стаў развязваць супоню.

— А не замерзнем мы?

— Што ж? I замерзнеш — не адмовішся,— сказаў Мікіта.

VI

Васілю Андрэевічу ў сваіх двух футрах было зусім цёпла, асабліва пасля таго, як пахадзіў па сумёце; але мароз прабег па яго скуры, калі ён зразумеў, што сапраўды давядзецца тут заначаваць. Каб супакоіцца, ён сеў у сані і стаў даставаць папяросы і запалкі.

Мікіта тым часам распрагаў каня. Ён развязаў падбрушнік, пасак, зняў гуж, вывернуў дугу і, не перастаючы размаўляць з канём, падбадзёрваў яго.

— Ну, выходзь, выходзь,— казаў ён, выводзячы яго з аглабель.— Ды вось прывяжам цябе тут. Саломкі падкіну ды раскілзаю,— казаў ён, робячы тое, што гаварыў.— Перакусіш, табе і весялей будзе.

Аднак Гнядога, відаць, не супакойвалі Мікітавы прамовы, ён трывожна пераступаў з нагі на нагу, хінуўся да саней, станавіўся задам на вецер і цёрся галавою аб Мікітаў рукаў.

Як быццам толькі дзеля таго, каб не адмовіць Мікіту ў ягоным пачастунку саломаю, якую Мікіта падсунуў яму пад храпу, Гняды схапіў пук саломы з саней, але адразу ж вырашыў, што цяпер не да саломы, кінуў яе, і вецер імгненна пашматаў салому, адкінуў убок і засыпаў снегам.

— Цяпер прыкмету зробім,— сказаў Мікіта, завярнуў сані перадам на вецер і, звязаўшы аглоблі паскам, ён падняў іх дагары і прыцягнуў да перадка.— Як толькі занясе нас, добрыя людзі па аглоблях убачаць, адкапаюць,— сказаў Мікіта, паляпваючы рукавіцамі і надзяваючы іх.— Гэтак дзяды вучылі.

Васіль Андрэевіч тым часам, распусціўшы футра і прыкрываючыся ягоным крыссем, цёр адну серную запалку за адной аб стальны карабок, але рукі ў яго дрыжалі, і запалкі адна за адною, то яшчэ не разгарэўшыся, то ў самую тую хвіліну, як ён падносіў яе да папяросы, задзімаліся ветрам. Нарэшце адна запалка ўся загарэлася і асвятліла на імгненне мех ягонага футра, ягоную руку з залатым пярсцёнкам на загнутым усярэдзіну ўказальным пальцы і зацярушаную снегам аўсяную салому, якая тырчала з-пад зрэб’я, і папяроска загарэлася. Разы са два ён прагна зацягнуўся, выпусціў праз вусы дым, хацеў быў яшчэ зацягнуцца, ды тытунь з агнём сарвала і панесла туды ж, куды і салому.