Читать «Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг.» онлайн
Уладзімір Сцяпан
Уладзімір СЦЯПАН
САПРАЎДНЫ ЧАС
Назіранне
На занядбаных могілках, дзе іржавыя агароджы, сухая трава ды леташняе лісце, сярод пахіленых крыжоў і помнікаў, на якіх ледзь бачныя партрэты, а надпісы цяжка прачытаць — настрой тужлівы і нават трагічны... Думаеш пра хуткаплыннасць часу, пра непазбежнасць смерці і пра ўсё такое невытлумачальнае ды балючае... Можа таму, так радасна і парадку еш, зграбаеш, мыеш, чысціш і фарбуеш, каб пазбавіцца таго цяжкага і непазбежнага, каб не думаць...
А калі ўсё патрэбнае паробіш, то і ўсміхнешся, чысты ручнік паправіш і ўздыхнеш... Амаль супакоена.
Тры харысткі
Ехаў у метро пяць прыпынкаў з жанчынамі-харысткамі з царквы, што на Нямізе. Усе ў хустках, доўгіх цёмных спадніцах. Пахла ад іх ладанам, воскам, мёдам і ветрам. Галасы прыгожыя, твары ружовашчокія. Усім тром за пяцьдзясят. Але здзівіла размова. Адна з іх, голасам мяккім (сапрана), расказвала таварышкам пра вялікі андронны калайдар, пра тое, як ён дзейнічае. Гучалі такія словы, якіх я не разумею. Тры прыпынкі ішла гаворка пра паскарэнне, пучкі, кінетычную энергію і пратоны.
Калі я выходзіў, то мне падалося, што пахне ад гэтых жанчын серай і карбідам...
* * *
Падымаюся ў ліфце з чатырохгадовым Іванам і яго бабуляй, якая на ўнука сварыцца.
Хлапчанё заплюшчвае вочы і кажа: «А мяне няма!»
Усміхаюся, бо думаю пра сівабародага Валянціна Акудовіча ў цёмных акулярах.
Гумно
Гэта ж трэба, прайшло цэлае жыццё і я ўспомніў...
Дзед гаварыў: «Якая бульба на калгасным полі, адна ў адну... І жукоў амаль няма!» А мог і так: «А на калгасным полі жыта дык жыта!» І буракі, і морква, і нават кукуруза, па дзедавых словах, на тым калгасным полі радзілі... Мне ж размовы пра калгаснае поле былі малацікавыя. Але, па восені, у сямідзясятым, калі камбайны зжалі ячмень, вядома ж, добры, адбылося вось што. Дзед завёў мяне на тое поле, якое пачыналася за нашым агародам. Прайшлі дажджы, ісці цяжка, бо ногі грузлі ў мяккай і чорнай зямлі. Мы ішлі, ішлі, а потым спыніліся і дзед сказаў: «Уся гэтая зямля, аж да вялікіх елак, аж да самай дарогі — наша.»
Потым ён паказаў, дзе стаяла гумно і свіран. Нават рукамі так зрабіў, быццам вялікія дзверы адчыніў. Увайшоў, пачаў расказваць, дзе снапы ляжалі, дзе малацілка конная стаяла.
Сыпануў дождж. Я пабег па полі ў хату, а дзед застаўся стаяць пад высокім саламяным дахам гумна, на сваёй зямлі, кепку трымаў у руцэ. А дождж часаў і часаў.
Назіранне
Вяскоўцы, нават тыя, каму па сорак—пяцьдзясят, не садзяць яблыні, вішні, слівы... Ходзяць па чужых садах, збіраюць яблыкі з грушамі, абрываюць слівы. Карыстаюцца тым, што засталося ад папярэднікаў-аднавяскоўцаў. І гэта адбываецца не адно дзесяцігоддзе.
І краявіды, у якіх яны выраслі, сённяшнія вяскоўцы не шкадуюць — выпілоўваюць і высякаюць дрэвы па берагах рэчак і побач з дарогамі. А калі іх папракаеш — паціскаюць плячыма і пасміхаюцца, быццам ведаюць нейкую таямніцу жыцця... А таямніца тая простая. Яны, сённяшнія вяскоўцы, не сумняваюцца, што ні дзецям, ні ўнукам іхнія хаты, сады, краявіды не спатрэбяцца.
Нашчадкам не спатрэбяцца, а на сваё жыццё хопіць і таго, што ёсць. Дзякуй богу, што на могілках зямлі яшчэ багата...