Читать «Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг.» онлайн - страница 6

Уладзімір Сцяпан

Ведаю стаматолага. Выдатная бібліятэка і дзясятка паўтара якасных палотнаў і графічных аркушаў. Навукоўцы трапляюцца дасведчаныя, як у выяўленчым мастацтве, так і ў літаратуры.

Пяць

— Пачак пячэння, — папрасіў салдацік прадавачку.

— І ўсё?

— А можна пяць яек?

— Не, — адказала прадавачка.

Салдацік пачаў разлічвацца, а прадавачка, пад поглядамі пакупнікоў, запакавала ў цэлафанавы мяшэчак пяць белых яек.

Салдацік выпіў іх у двары, заеў пячэннем і спрытна пераскочыў праз бетонны паркан на тэрыторыю штаба.

Пра чароўныя рэчы

Эрнэст Хемінгуэй сядзеў за столікам парыжскай кавярні і пісаў апавяданні пра Мічыган, пра халодную і празрыстую ваду, пра вецер, пра імклівую стронгу.

Пісаў у нататнік звычайным алоўкам. Вастрыў свой аловак — тачылкай. Ёсць у гэтым нешта дзіцячае і непасрэднае. Дужы мужчына, трымае ў моцных пальцах аловак і беражліва паварочвае яго ў маленькай тачылцы. Габлюшка закручваецца ў спружынкі.

«Hotel California» Eagles

Пальцы ў сале пацягнуліся да круцёлкі прыёмніка, які стаяў на падаконні, і графік Ігар Ліберман сказаў: «Ша! Каліфорнія!» І дадаў гучнасці. Гэта было ў снежні 1978 года, у інтэрнацкім пакоі тэатральна-мастацкага інстытута, на другім паверсе, у гадзіну ночы. Я працягваў жаваць сала з цыбуляй, а Ігар падхапіўся, пачаў хадзіць па пакоі і спяваць. Ён ведаў гэтую песню, а я пачуў першы раз. Ігар так разышоўся, што паставіў на стол бутэльку малдаўскага віна, якое хацеў зберагчы да святаў. Выпілі. Ігар усё спяваў, размахваў скаль­пелем, мружыў вочы і шчасліва смяяўся. Ён тады маляваў ілюстрацыі да Бабеля, а я пісаў алейнымі фарбамі Камароўку. Цёткі, гарбузы, яблыкі, бульба і чорнае неба...

Каліфорнія запомнілася.

Вядзьмарка Домна

Мне хоць і было сем гадоў, але я ведаў, што вядзьмарка жыве ў суседняй вёсцы, амаль у лесе, на самым краі.

Ёй было, як мне здавалася, гадоў сто, а можа, і больш. Старая сядзела ў паўцёмных сенцах ля акна, на ўслончыку. Яна вялікая, у чорнай хустцы, і астатняя адзежа цёмная. Побач стаяў кош з бульбай, бэзавыя парасткі тырчаць, чорны чыгун. У руках чорны нож. Яна абірала бульбу. Светлая лушпініна закручвалася, закручвалася, а потым падала на цёмныя босыя ногі, а бульбіна ў чыгун. Яшчэ ў сенцах віселі венікі з рознай травы і кветак. Пахла сырой зямлёй. Звалі вядзьмарку Домна. Я тады быў упэўнены, што гэта мянушка вясковая.

Яна падняла галаву і паглядзела на мяне ўважліва, а па твары Стасіка толькі слізганула позіркам. Стасік сказаў, што баба Домна ведае будучыню і можа расказаць, што з кім здарыцца. Мы прыйшлі спытаць, ці будзе заўтра дождж, бо збіраліся пайсці на Цагельню, а гэта далекавата.

У старой празрысты позірк. Яна сказала, каб мы не хадзілі на Цагельню, а ішлі ў свой лес. Нахіліла галаву і зноў узялася церабіць парасткі і абіраць бульбу. Мы пастаялі трохі і пайшлі ў сад па ападкі. Нічога такога дзіўнага я не заўважыў і сказаў Стасіку, што вядзьмарка — звычайная баба, такая ж, як мая.

Наступнай раніцай Стасік і два яго старэйшыя браты пайшлі на Цагельню, а мяне не ўзялі. Я ўгаварыў свайго стрыечнага брата пайсці ў наш, у блізкі лес. З Цагельні грыбнікі вярнуліся з пустымі кошыкамі, а мы з братам нарэзалі баравікоў поўны кош.