Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 48

Райнэр Марыя Рыльке

XXVI О, як узрушліва птушка крычыць... Неспасцігальныя крыку вытокі. Крык і ў дзіцячых гульнях — далёкі, міма крыклівых дзяцей гучыць. Крык — выпадковасць. У далеч прасторы паступова (як людзі снамі, ў свет уваходзяць птушыныя хоры) убіваюцца крыкі клінамі. Дзе мы? У высі, у тоўшчы эфіру пнёмся са смехам, як ветрам гнаны змей папяровы, з ніткі сарваны! Божа-пясняр! Крыкунам дай міру, каб парываннем былі апантаны, каб падымалі голаў і ліру. XXVII Час разбуральны, ці ёсць ён паняцце рэальнае? Як на гары вечнай замкавы бурыць ён мур? Сэрца, пануючым божышчам шчыра адданае,— як і калі згвалціць твой рытм дэміург? Ці жыццё наша, дрыготліва крохкае, лёсам прадвызначана зараней? Ці карэнне дзяцінства глыбокае, шматабяцальнае, ціхне — пазней? Ах, гэты прывід Часовага праз давер прымусовага успрымання праходзіць, бы ймгла. Якія мы ёсць — мы дзейсныя, бачаць нас сілы нябесныя часткаю творчай святла. XXVIII Прыйдзі і зноў ідзі. Дзіцятка целам, духам, у танцы завяршы той эпілог нябесных зор, дзе б непаўторным рухам тупую ўладнасць быту перамог падданы чалавек. Чароўным спевам Арфея ўражаная, ты чужой, трывожнай стала з той пары, як дрэва вагалася, ці варта за табой услед ісці туды, дзе ён, пясняр, дзе ўсё трыумфам хараства абнята і дзе чуваць пявучыя акорды. Туды знайшла ты шлях прыгожы, горды жаданнем шчырым павярнуць да свята і крокі сябра, і душу, і твар. XXIX Чуеш, даляў ціхі друг,— прастора шырыцца тваім дыханнем тут. Са званіцы змрочнага сабора зазвані сабою. Гэта — цуд, цуд і крок да будучай задачы. Адчыняй жа ў повы змест акно, бо мінулы вопыт твой лядачы. Хочаш выпіцца, дык стань віном! I праз вакханаліі дзівос, ростаняў, пачуццяў чалавечых стань спазнаным сэнсам іх, вянцом. А калі зямны пакіне лёс, ціхаплыннай рэчцы: «Да сустрэчы! Я жыву!» — скажы перад канцом.

ЗАЎВАГІ АЎТАРА

ДА ПЕРШАЙ ЧАСТКІ

X санет. У другой страфе маюцца на ўвазе дамавіны на славутым старажытным могільніку Аліскамп непадалёк ад Арля, пра які ідзе гаворка і ва «Успамінах Мальтэ Лаўрыдса Брыге».

ХVІ санет. Гэты санет адрасаваны сабаку. У словах «я б узяў за руку майго пана» вызначана стаўленне да Арфея, які тут з’яўляецца панам паэта. Паэт хоча ўзяць пана за руку, каб ён блаславіў і сабаку за яго бясконцую адданасць і спагаду, сабаку, які, падобна Ісаву, толькі накінуў на сябе скуру, каб у сваім сэрцы хаваць надзею на спадчыну, якая не належыць яму,— удзельнічаць у горы і шчасці ўсяго чалавецтва.