Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 31

Райнэр Марыя Рыльке

СЁМАЯ ЭЛЕГІЯ

Гэта не покліч, не позва, а голас-пазад — сутнасць у крыку тваім, хоць крычаў ты, нібы птах напрадвесні, забыўшы, што ён — толькі гаротная кволая птушка, і толькі, а не суцэльнае сэрца, якое цела ў неба душэўнае ўзносіць. I ты, нібы птах, клікаў бы, можа, каханую так, каб здалёку, нават не ўбачыўшы мілага, голас пазнала, так, каб прачнулася раптам у сэрцы яе позва к табе, абагрэтая клічам пачутым,— так, каб на кліч твой страсцю ўзгарэлася самка. I зразумела б вясна — што няма тут месца, дзе не гучала б прадвесце любві. А спачатку слабы твой кліч, запрашальны, ў адказ на які цішай гнятлівай, сцвярджальнай прамоўчвае дзень. Потым угору прыступкамі гэтага клічу ў будучыню, у прывідны храм! А там песні, пырскі фантанаў; а там іх чакае у гульні-абяцанцы падзення шматрадасны гімн, пырснуты промень-струмень. А тады — прыйдзе лета. Нават не раніцы летнія, нават не золкі, што праясняюцца, каб абярнуцца днямі. Нават не летнія дні, што распешчваюць кветкі і дрэвам уладу, магутную веліч даюць. Нават не любасць да сіл, што раскрыліся летам, і не шляхі, і не толькі лугі на змярканні, нават не светлы павеў пасля буры вячэрняй, нават не сну набліжэнне, не толькі цьмяныя мары... Перш за ўсё ночы! Глыбокія летнія ночы. Перш за ўсё зоркі! Высокія зоркі зямныя. О, каб у смерці дазнацца, што безліч — іх лік, лік гэтых зорак: ну як жа, ну як жа забыць іх!      Чуеш, я клічу каханую. Толькі прыйсці хоча яна не адна... Са сваіх аслабелых магіл з ёю прыйшлі б і дзяўчаты... А як абмяжую кліч той прызыўны? Зямлю, як раней, тапельцы клічуць, шукаюць... О дзеці, зямную рэч узяўшы, ўзялі вы бясконцую безліч рэчаў. Лічыце, пэўна, што лёс — згустак дзяцінства? Часта вы абганялі каханых, калі беглі кудысьці шчасліва ў прастору — куды? Жыць на зямлі — гэта велічна! Зналі, дзяўчаты, вы гэта добра заўсёды, зналі і тыя, што апускаліся ў крыўдзе балючай на дно ў гулкія вуліцы горада, у гнаявішчы — кожная з вас мела шчасця гадзіну, няхай і не гадзіну — а толькі прамежак у часе, тыя імгненні, калі цалкам валодаеш светам. Жылы пульсуюць жыццём. О жыццё! Як лёгка мы забываем усё, што суседзі ўсмешкай зайздроснай не ўхваляць ніколі. Нам трэба яўнае і паўнаважкае; яўнае шчасце дадзена зведаць ва ўнутраным ператварэнні. Свет — толькі ў нас, у каханні стваральным нашым. Ператварэнне — вось наша няспыннасць жыцця. Там, дзе калісьці ўзвышаўся рэальны дом, бачыцца сёння прыдуманы вобраз, які нібы ў мозгу застыў без перамен аніякіх. Сховішчы моцы будуе сабе дух часу бясформнаю сілай, якую ён чэрпае скрозь. Ён жа не знае святынь. Мы, спажываючы сэрца, нешта ашчадна збіраем. I кожная рэч, намі здабытая просьбамі, мольбамі, прагне цалкам з Нябачным самкнуцца. А большасць падзей гэтага бачыць не могуць, не могуць яны гонкі з калонамі храм збудаваць у сабе.     Колькі бяздольных такіх у выкрутах свету! Будучыня і мінулае ім не належаць. Нават наступнае цяжка здабыць чалавеку. Хай гэта нас не бянтэжыць, хай моц набірае вобраз спазнаны. Стаяў ён не раз паміж намі, ў цэнтры знішчальнага лёсу, у гушчы людской, у абыякавасці і гарнуў да сябе зоркі з бяспечнага неба. Анёле, табе тут гэта я пакажу. У паглядзе тваім хай ратаванаю стройнасцю ён узнясецца. Сцены, калоны, упоры, аркады і сфінкс у заняпалым паселішчы — велічны храм. Хіба ж не цуд? I яго — мы зрабілі, анёле. Вызнай, вялікі, што здольныя мы на такое — і на хвалу мне дыхання не хопіць. Не марна, значыць, імкнёмся ў прасторы, у нашы прасторы. (Веліч якая ў іх ёсць! Бо за тысячы год іх перапоўніць пачуццямі мы не маглі.) Вежа высокая, праўда, анёле? I нават у параўнанні з табою высокай была, Шартр быў таксама вялікі. Музыка ж толькі — вышэй за яго і за нас. А каханая... ноччу, адна перад цёмным акном... кволая ў бездапаможнасці горкай.                                                     Не думай, быццам, анёле, я клічу цябе! Ты ж не прыйдзеш. Заклік гучыць мой, як — прэч! але супроць патоку, не, ты не пойдзеш. Мой заклік падобны руцэ, ўрачыста паднятай. Далонь, якая гатова схапіць, о Недасягальны, будзе заўсёды адкрыта табе, як асцярога, як абарона. Вось яна...