Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 30

Райнэр Марыя Рыльке

ШОСТАЯ ЭЛЕГІЯ

О смакоўніца, важна мне ведаць здаўна, як ты свой цвет у завязь ператвараеш, як у гатовы к даспеласці плод на галіне ўкладваеш чыстую тайну сваю некрыкліва. Нібы па трубах фантанаў, па гнуткіх галінах сокі імкнуцца і ўніз, і ўгару і са сну пырскаюць шчасцем свайго найсалодшага твора. Так, як у лебедзя бог... ...........................Мы ж марудзім — не хочам буяна цвісці і ў запознены плод, у пераспеласць яго мы вінавата ўваходзім. Рэдка хто здольны нястрымна імкнуцца да дзей, каб загарэцца адразу на поўнае сэрца ў час, калі прага цвіцення, як ветрык начны, вейкі кранае і вуснаў бутон абуджае: можа, героям ці тым, што заўчасна памруць, жылы круціць іначай садоўніка смерць. Мчацца яны стрымгалоў: апярэджваюць самі ўсмешку сваю, як запрэжка на фрэсках Карнака апярэджвае пераможцу-цара. Дзіўна блізкі герой да заўчасна памерлых. Барацьбы за сваю працягласць у свеце ён не баіцца. Жыве ён — угору йдучы, у пераменлівы светапарадак, у зоры вечнай, як свет, небяспекі. Нямногія знойдуць там яго. Але разбуджаны Лёс, той, які змрочна замоўчвае нас, апяваць яго будзе ветрам парыўным свайго расшумелага свету. Толькі яго гэтак чую. I праз мяне з ветрам струменіць прыцемпены голас яго. Як бы хацеў я ад смутку схавацца: каб быць хлопчыкам — о, каб магчыма было ім зрабіцца — сесці, падперціся будучымі рукамі і прачытаць пра Самсопа, пра тое, як колісь маці спачатку нічога радзіць не магла — потым усё нарадзіла. Ці ж ён не быў у табе ўжо героем, о маці, ці ж ён не ў лоне зрабіў свой уладніцкі выбар? Тысячы ў лоне спелі, каб выспець, як ён, ды паглядзі: толькі ён адзін з тысячаў многіх змог дасягнуць, і абраць, і рашыць, і стаць. Рушыў калоны таму, што ён вырвацца здолеў з цеснага змроку цела твайго да свету, дзе выбіраць мог і йсці па шляху станаўлення. Маці герояў, крыніцы патокаў, кіпучых патокаў! Вы — гэта бездані тыя, куды з кручаў сэрца, войкнуўшы, кідаліся маладыя дзяўчаты, будучых вашых сыноў і ўнукаў — ахвяры. Бо калі прарываўся герой праз завалы кахання, кожным ударам імпэтнага сэрца гнаны, ён, адвярнуўшыся, ўжо над абрывам усмешкі,— быў зусім іншы.