Читать «Прыліпала» онлайн - страница 4

Віктар Карамазаў

Дзядзька Юзік пайшоў. З двара мне добра відаць, як там, за веснікамі, ён зноў быў спыніўся, стаяў, курыў, як рушыў вуліцай далей, а праз нейкі час адтуль, з вуліцы, у веснікі бухнуўся Сярожка. Радаснае хваляванне рвалася з яго: бацька дазволіў усё ж ісці са мной.

Што падсмалены, ён насіўся ў хату і з хаты, цераз двор у гумно, назад: прывалок кажухі, гумовыя боты, цёплыя анучы. Усё гэта мы паўсцягвалі на сябе і гародамі падаліся спачатку да рзчкі, а там ужо, паўз ваду,— да насыпу, на асфальт.

Паветра не зыбалася, такая ціхая бралася ноч. I цёплая, быццам сагрэлася ў нашых кажухах. Трэ было спяшацца, і мы прыбавілі кроку.

На ўзлеску, непадалёк ад рэчкі, гарэла вогнішча. Адтуль неслася песня.

Мы скіравалі з асфальту ў гушчар і нейкі час прабіраліся ельнікам; калі ж ельнік скончыўся, нас абсыпалі маладыя бярозкі: навокал пасвятлела.

Наперадзе суха і трывожна рыкнуў алень. Я няўдала сунуўся ў цемені на кучу сушняку, ён затрашчаў, а Сярожка, бліскаючы белай галавой наперадзе, азірнуўся і зашыпеў на мяне вужакай.

Нарэшце паміж дрэваў пачаў зыбацца месяц, белы і круглы. Ён часта хаваўся з вачэй, але кожны раз зноў і зноў аказваўся на дрэве і трапятаў там, пашматаны рэдкімі галінамі. Часам ён зусім хаваўся за густым лісцём, а часам падымаўся над дрэвамі і зноў на поўную сілу ззяў, круглы і чысты. Цяпер мне свяціла наперадзе не толькі бялесая поўня Сярожкавай галавы, але і поўня месяца, і я ведаў, што гэтага святла нам хопіць, каб і ўначы знайсці ўсё, што шукаем.

Быў шырокі прагал, за ім — лапіна лугу. Сярожка вёў мяне ўздоўж падросту бярозы і хвоі, на дыбачках, час ад часу згінаючыся і на хаду шоргаючы рукой па траве — правяраў, ці не кладзецца раса. Расы яшчэ не было.

Як не пад самым вухам хрупнуў сушняк. Мы спыніліся і тут жа ўбачылі, як з лесу выйшаў вялізны рагач. Ён пастаяў, павёў галавой у наш бок, насустрач нам пагрозліва варухнуў магутнымі рагамі і, калі не ўбачыў, дык напэўна адчуў як небяспеку, нашу прысутнасць, бо раптам дзіка рыкнуў, сцішана, што чалавек, захроп, і з-за ягонай спіны на асветлены месяцам луг выйшлі самкі, гладкія і блішчастыя. Яны таксама, як па камандзе самца, крутнулі галовамі ў наш бок і лёгенька, дружна, нібы танцуючы, патупацелі ў луг. Рагач цяжка ўдарыў заднімі нагамі ў зямлю, ёкнуў, што здаровы конь селязёнкай, і кінуўся следам за самкамі.

— Ажно пяцёрка. Ды прыгожыя...

— У такога больш будзе. У іншых забярэ. Здаровы які, бачылі? — шаптаў Сярожка.— Дзе яны спыняцца?

— За луг шыбанулі. У лес.

— А можа, і не ў лес. Там канал. Яны часта за каналам на траве пасуцца.

Мы крочылі далей.

Яшчэ гадзіну назад меркавалі нанач вярнуцца дахаты, наесціся перад сном малака з хлебам, спаць на высушанай атаве, дзе, напэўна, пасланы ўжо льняныя посцілкі і цёплыя коўдры, а цяпер пра гэта я ўжо не думаў, цяпер я адчуваў сябе, як на імклівым кані, якога паганяў Сярожка і які закружыў, затуманіў голаў, кінуўшы нас у пагоню за нечым новым, загадкавым. I я раптам спытаў: