Читать «Прыліпала» онлайн - страница 3
Віктар Карамазаў
— А ён усё роўна з лесу вярнуўся.
— Пасядзі ты ціха, Сяргей. Ну, вярнуўся. Дні праз два нешта. Ён, малы мой, якраз у школе быў. Узяў я скацінку на вяроўку ды за вароты. Калгасны шафёр з ЗІЛам падвярнуўся. Адкінулі мы задні борт, канцамі на кузаў кінулі пару дошак, завялі па іх Ясіка ў кузаў — ды па газах. Кіламетраў трыццаць везлі асфальтам ды там лесам яшчэ пятлялі.
— А ён зноў прыйдзе,— злуючыся, невядома на каго, бурчыць Сярожка.
— Ну, можа, калі і прыйдзе,— абы не засмучаць яшчэ больш сына, пагаджаецца бацька.
— Вось пабачыце. Тады ўжо схаваю ад усіх. Не дам нікому.
— Ён вельмі вырас, сынок,— устаўляе разважлівае слова маці.— З такім гулі кепскія.
— Мяне ён не чапаў.
— А другіх? Ці ты адзін тут жывеш?
— Нічо-о...— супакойвае сына бацька.— Можа, і сапраўды знойдзецца. Тады мы яму ў вальеры куток выгарадзім. Прыстроім, як дома.
Малаком запіўшы вячэру, мы дзякуем за баравічкі Сярожку, дзякуем Еўдакіі Рыгораўне і падымаемся з-за стала.
На дварэ змерклася, ад сонца не засталося і следу, але ні зор, ні месяца яшчэ няма і ў паміне. Запыніўшыся на ганку, я чую далекаваты, з-пад лесу, брэх дварняжкі, а бліжэй, з вуліцы,— жаночую спрэчку. У думках жа — алені. Не Ясік Сярожкаў, а проста алені, чые трубныя крыкі, як песні, і бойкі таксама, як песні, цяпер, а палове верасня, у самым разгары. З раніцы мы дамаўляліся з дзядзькам Юзікам на ўсю ноч ісці ў пушчу слухаць аленяў, і вось усе нашы планы рухнулі: аказваецца, яшчэ калі мы з Сярожкам прападалі на рэчцы, ляснічы прыслаў дзядзьку загад сабрацца ў начное дзяжурства.
Гаспадар грыміць у сенцах ботамі: напэўна, збіраецца. А вось ён і сам: у кароценькім кажушку наросхрыст, з іжаўкай на пару ствалоў у руцэ. Запыніўшыся на ганку, ён спачатку глядзіць на неба, затым — у бок рэчкі, на цёмную сцяну пушчы, вешае іжаўку на плячо, з бліскучага цэлафанавага пачка дастае цыгарэту, закурвае — у кожным руху яго столькі неахвоты кранацца з месца, ісці не туды, куды хочацца. Ён гукае з ганка Сярожку. Той не адгукаецца, тады кліча жонку, ды яна таксама не падае голасу. Прабубніўшы нешта сабе пад нос, дзядзька без усякай злосці на каго-небудзь лаецца і праз двор ідзе да мяне.
— Прыспічыла яму пасылаць,— кідае ён.
— А можа, мне ўдасца Валодзю падгаварыць?
— Пустое. Ён аленя ад лася не адрозніць. Нецікава з ім. Во Сяргея калі б.
— Не трэба, няхай малы спіць.
— Ну, глядзіце самі, я не вельмі хачу яго ў лес пускаць. Не, вы не падумайце, што ноч, лес, усё такое... Хоць малы, ды нічога з ім не здарыцца. Тут іншае. Сэрцам ён у нас слабенькі. Толькі пачуе аленя, увесь калоціцца. Усё ад Ясіка пачалося...