Читать «Прыліпала» онлайн - страница 6
Віктар Карамазаў
Месяц паўзе на край неба, цягнучы за сабой белыя дарожкі воблакаў, якія нідзе не абрываюцца, бо высмыкваюцца з цэлага акіяна белай кудзелі. Мне ўяўляецца, што гэта дарожкі чыйгосьці жыцця, што цякуць яны з аднаго акіяна, агульнага для ўсіх: для Сярожкі, дзядзькі Юзіка, для мяне. Зрэшты, прыходзіць думка, што калі паўглядацца, дык у тым акіяне ўбачыш паром цераз Волгу, свайго бацьку, а на той вунь белай пісязе, што пралегла мастком цераз месяц, быццам цераз круглую сажалку,— Сярожку, які сядзіць, звесіўшы чорныя ад загару ногі. Там бачыцца мне адбітак усёй гэтай ночы: з капой сена, аленямі, асірацелым жоравам, зноў жа — з Сярожкам...
Нешта кратаецца блізка, быццам у нагах, і я ўжо чую ціхі Сярожкаў голас:
— У мяне два яблыкі ёсць.
Расплюшчыўшы вочы, прыўзнімаю голаў і бачу, як сена, дзе клаўся мой маленькі спадарожнік, зыбнулася, белаватая смуга адарвалася ад яго і разышлася, а на тым месцы высунулася скудлачаная Сярожкава галава. Шчылінкамі заспаных вачэй са свежай, што раніца, усмешкай Сярожка зіркае на мяне, і мне зноў становіцца лёгка і супакойна.
— I хлеба акрайчык ёсць,— глядзіць ён мне хітранька ў вочы.
— Глядзі, які прыпаслівы.
— Толькі ціш-ш-ш...
— Сам не круціся. Пачуюць.
— А вецер адкуль?
— Ветру няма.
— Ёсць маленькі. Прыслухайцеся... Абы не з нашага боку на аленяў. Яны з ветрам далёка чалавека чуюць.
Мы ахвотна згрызлі сакавітыя белабокія антонаўкі, зжавалі акрайчык хлеба, а тым часам лес пачынаў ажываць, поўніцца першымі галасамі аленяў. На гэты раз разведка іх скончылася хутка, і ўжо яны вухалі, рыкалі, і мы апынуліся не ўскрай заўзятай лясной вакханаліі, а ў самай яе сярэдзіне. Вакол яснела. Неба чысцела не толькі на ўсходзе. Празрысты месяц ледзьве трымцеў на вострых вяршынях елак, гатовы праткнуцца на каторую з іх і рассыпацца са шкляным звонам. Алені крычалі ўсё бліжэй да нас, і як толькі чуйную, быццам пустая бочка, прастору праразаў блізкі роў самца, Сярожкавы вушы натапырваліся, што якія лакатары, у той бок, і мне здавалася, што яны ловяць голас Ясіка, што, акрамя голасу Ясіка, не шукаюць нічога.
Спакваля туман асядаў, з лясных берагоў спадала яго белая начная коўдра. З усіх галасоў нам бліжэй сталі чуваць два: адзін з курцінкі, у якую загналі аленяў звечара, другі з процілеглага ўзлеску. Яны ўсе блізіліся да нас, няўмольна збліжаліся паміж сабою, і гэта былі хвіліны, калі алені не ўладарылі ўжо над сабою, калі спрадвечны жывёльны інстынкт падначальваў іх адной стыхіі, адной немінучасці.
— Зірніце на палоску. Дзе туман канчаецца,— пачуў я ціхі, што з-пад капы, шэпт.— Плывуць...
— Што? А-а-а... Ага.
Па тумане, як па белай малочнай рацэ, сапраўды плылі рогі аленя. Дзе туман збіраўся гусцейшы, яны як давалі нырца, але зноў вынырвалі з белай глыбіні і тады відаць была ўся галава аленя, рашуча выцягнутая тупой храпай наперад. Часам алень спыняўся і, абдаўшы халодны луг прагавітым ровам, крыху пастаяўшы, плыў далей. Часам, спыніўшыся, ён не крычаў, а доўга стаяў моўчкі, пакуль сустрэчна, з процілеглай лясной грывы, не адгукаўся такі ж працяглы, з металічнай вібрацыяй голас. Туман у той старане ляжаў радзейшы, і на самым узлессі я заўважыў сілуэт яшчэ аднаго аленя: ён неяк не рашаўся крануцца з месца і як бы хаваўся ў ненадзейнай парадзелай смузе ад свайго праціўніка, але нарэшце зрушыў з месца, падпарадкаваўшыся законам лесу.