Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 7

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

В а р т а ў н і к ( з недаверам і злосцю ). Значыцца, ты яшчэ і святы?!. Каго толькі ў маёй вязніцы не было, а святыя яшчэ не трапляліся... (Крычыць.)Прахвост ты, манюка, а не святы! І хопіць мяне ў дурні ўшываць!.. А даведаюся, што канакрад, я цябе валацугу...

С к а р ы н а. Не гарачыся. Прыгледзься да мяне і да маёй выявы. ( Становіцца бліжэй да святла, прыгладжвае валасы, вусы.) Там жа ўнізе так і напісана: (цытуе) «Прото я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, разумея сее, иже без страху Божня, без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно, почстиве жити людем посполите на земли, казал есми тиснути книги

сии руским языком напред ко чти и к похвале створителю, спасителю, утешителю Богу... потом людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев, абы, научившися мудрости, добре живучи на свете, милостивого Бога хвалили...»

Пакуль Скарына па памяці чытае гэтыя словы, Вартаўнік збянтэжана глядзіць то на яго, то на выяву ў кнізе.

В а р т а ў н і к. Францішак?! Ты той самы Францішак, сын старога купца Лукі Скарыны?!.

С к а р ы н а. Той самы, якога ты, Янка, вучыў некалі плаваць і які чытаў табе на Барысавым камені, што ляжыць на стрыжні Дзвіны, загадкавае і старажытнае: «Господи, помози рабу своему Борису».

Вартаўнік кідаецца ў абдымкі да Скарыны.

В а р т а ў н і к (крыху супакоіўшыся). Што ж ты мне колькі дзён галаву тлуміш?!.

С к а р ы н а. Прыглядаўся. Мальцаў хацеў тваіх пабачыць. Ці падобныя, думаю, на бацьку ў свае гады...

В а р т а ў н і к (вельмі таропка ). Чым дапамагчы?!. А можа, сёння не і збяжым?!. Мне толькі мальцаў папярэдзіць, а мая пані Анэлька за мной на край свету з'едзе. І што мне ў гэтай Познані?!.

С к а р ы н а. Барані Божа - ніякіх уцёкаў. Не канакрад жа я,сапраўды!

В а р т а ў н і к. Дык а што тады?!.

С к а р ы н а. Прынясі мне аркуш паперы, чарніла і пяро. Я напішу ліст аднаму чалавеку, і мярзотнікі, якія надзелі на мяне гэтае рыззё, у зубах прынясуць мне доктарскую мантыю!

В а р т а ў н і к (узбуджана глядзіць на Скарыну, абыходзіць яго вакол, дакранаецца да кнігі). Ай, Францішак! Ай, братачка! Калі ты мне пераказваў

знакі з Барысава каменя, я мог бы здагадацца, што далёка пойдзеш! Але каб у твае гады, жывым... у святыя?!. Згубіш ты галаву, чалавек...

С к а р ы н а. Мне і кароль пра тое казаў.

В а р т а ў н і к (збянтэжана). Як - кароль?!.

С к а р ы н а. Быў выпадак.

Сцэна зацямняецца.

ІІІ

З успамінаў Скарыны

Кракаў. Тронная зала. На троне кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Жыгімонт І Стары. Яму каля шасцідзесяці. Ён зняў чаравікі і падабраў ногі на трон. Карону павесіў на старчак спінкі трона злева. На старчаку справа вісіць «дзяржава». Кароль салодка спіць. Відаць, яму сніцца прыемны сон. Увахоцзіць каралева Бона. Надзвычай прыгожая, эфектная і вельмі экспансіўная жанчына. Ёй каля трыццаці, але выглядае намнога маладзейшай. Са здзекам і іроніяй глядзіць на караля, які падцягнуў пад сябе ногі і хавае пад пахі рукі, каб было цяплей. Нешта мармыча праз сон.