Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 5

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

Усе прывіды знікаюць. Вязніца патанае ў цемры. Чуваць толькі спеў Скарыны і Маргарыты:

Ой, скінусь я ды зязюлькаю,

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да палачу ж я к доньцы ў госці...

ІІ

Сцэна асвятляецца.

У дзвярах стаіць Вартаўнік.

В а р т а ў н і к. Спяваеш, няшчасны?..

С к а р ы н а (цытуе па памяці). "В певнице ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум совершеный. Там ест милость и друголюбство без ильсти и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттоле походять. ...Псалмы якобы сокровище всих драгих скарбов, всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы

освещають, гнев н ярость усмиряють, мир и покой чинять, смуток и печаль отгоняють, чувствие в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють, бесы изгоняють, ангелы на помощь призывають..."

Вартаўнік садзіцца на лаўку, доўга маўчыць. Відаць, словы Скарыны ўразілі яго.

В а р т а ў н і к. Я таксама іншы раз спяваю... як вып'ю. Занятак у мяне, братачка, такі, што нікому добраму не пажадаеш... Бывае, што і вінаватых шкада, а не вінаватых яшчэ больш шкада. А паспрабуй разбярыся, як каго судзіць, калі суддзі іншы раз не могуць. Вось ты, галота няшчасная, а як цябе судзіць? То дурнем прыкідваешся, лухту нясеш, то Біблію просіш. Пра песню сказаў, як іншы і

не змог бы. А колькі вас, няшчасных, прайшло перада мною. Я іншы раз і забойцу лічу няшчасным. Хіба чалавек ад радасці забівае? Даносы, злоба, паклёпы людзей і з дарогі і са свету зводзяць. Вось у песні пра дзяўчыну, што татары звезлі. А іх жа, такіх зязюлек нашых, тысячы тысячаў чумазлаі ў палон звозяць. А мы заместа таго каб бараніцца сукупна, між сабою тузаемся і адзін другога са свету зводзім. Зямля асірацелая крычыць нема, і людцы стогнуць. Усіх шкада... акрамя канакрадаў. Ты часам не канакрад?..

С к а р ы н а (весела смяецца). Не, я горш...

В а р т а ў н і к. Горш за канакрада нікога не бывае!

С к а р ы н а. Я бакалаўр, магістр і яшчэ ў навуках вольных і лекарстве доктар.

В а р т аў н і к ( устае з лаўкі, абыякава). Хопіць брахаць. А калі ўжо брэшаш, то меры не губляй. Я, між іншым, да цябе як да чалавека...

С к а р ы н а. Як да чалавека, кажаш, а Біблію не прынёс...

В а р т а ў н і к ( задзірыста ). Чаму гэта не прынёс? Цэлы стос прывалок. Кашталян адлічыў - аж дваццаць тры кнігі. І яшчэ дзве ў прыдачу, праўда,

адна вельмі маленькая. ( Вымае з-за пазухі «Малую падарожную кніжку», аддае Скарыне.)

Скарына нечакана цалуе Вартаўніка.

С к а р ы н а ( усхвалявана ). Любы ты мой чалавеча!

В а р т а ў н і к ( адчужана, паступіўшы ад Скарыны ). А вось гэтага не трэба! Я табе не любы, і ты мне не сваяк. Мне далі - я прынёс... Скажуць адабраць - адбяру.

С к а р ы н а. Дык дзе ж яны... астатнія?!