Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 9

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

С к а р ы н а. Справа ў тым, што я хацеў бы прапанаваць сваю...

Б о н а. Наш доктар не памрэ ад сціпласці...

С к а р ы н а (весела і прыязна). Мая слаўная каралева, сапраўды, я, відаць, памру ад нечага іншага, бо не змагу адмовіцца ад таго, што ўжо ведаю.

Б о н а. Пабойцеся Бога, доктар, вашы грахі ў яго на ўліку.

С к а р ы н а. Бог і кароль мне найвышэйшыя суддзі.

Б о н а. Але ж навошта нажываць сабе ворагаў?

Я н. Ваша прыязнасць, яснавяльможная каралева, да доктара Скарыны ведама і Богу і каралю.

Б о н а (са злосцю ). Санта Мадонна!..

Ж ы г і м о н т (строга). Ян! Я не дзеля таго цябе сюды паклікаў...

Я н (нібы пакорліва ). Палюбіце адзін аднаго, як Бога нашага і памазанніка яго...

Б о н а (са злосцю). Амін! Прэсто! Прэсто, доктар Скарына!

Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар!

С к а р ы н а. Раздзелам першым бачу законы, дадзеныя дзяржаве, нашаму Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму. Другі раздзел - аб абароне земскай; трэці - аб вольнасцях щляхты. Найгалоўнейшым жа лічу сцвярджэнне суверэнітэту

дзяржавы насуперак існуючаму касмапалітызму. А яшчэ адзінства права і прыярытэт пісанага права перад правам звычаёвым. Я запісаў бы літаральна: жадаем і пастанаўляем і на вечныя часы павінна быць захавана, што ўсе нашыя падданыя як бедныя, так і багатыя, якога б саслоўя і становішча яны ні былі, роўна і аднолькава павінны быць судзімы па гэтых пісаных законах, а калі б суддзі судзілі інакш, то павінны былі б самі быць судзімы. Без гэтага, пан канцлер, сейм зноў адхіліць праект Статута.

Б о н а ( з мілай усмешкаю ). А гэта ўжо не вашы турботы, пан доктар!

Скарына надоўга замаўкае.

Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар.

С к а р ы н а. Таксама ніхто не павінен быць пакараны і прыгавораны за чужое злачынства, а толькі той, хто вінаваты. І ніхто не павінен быць пакараны, калі яго віна не будзе ўстаноўлена судом,- ні жонка за злачынства мужа, ні бацька за злачынства сына, ні сын за бацьку, а таксама ніхто з родзічаў, ні слуга за пана.

Б о н а. А пра гэта трэба яшчэ падумаць.

Г а ш т о л ь д. Думаць - не толькі высокае прызванне, але і абавязак дзяржаўцаў.

Б о н а ( дзёрзка ). Каралю, як і каралеве, вядомы іх абавязкі!

Ж ы г і м о н т. Кароль за сябе сам скажа! (Больш мякка.) А падумаць - не пашкодзіць.

Б о н а. І хоць бы таму, што вядома, як будуць сябе паводзіць бацькі-злачынцы, калі загадзя вызваліць ад адказнасці іх дзяцей...

С к а р ы н а. Тым не менш час няўмольна патрабуе, яснавяльможная каралева...

Б о н а ( з усмешкаю ). Вы многа бачылі і многа ведаеце, доктар, але павучаць караля і каралеву...

Ж ы г і м о н т. А я асабіста люблю паслухаць разумных людзей. Не фальваркам, дзякаваць Богу, правім, а каралеўствам.

Б о н а. І яшчэ, між іншым, княствам... Вялікім княствам Літоўскім!

Ж ы г і м о н т (стрымана). Калі б я правіў ім «між іншым», аднаму Богу вядома, пад чыёй рукой яно было б сёння...

Я н. Сапраўды...

Бона аж перасмыкаецца ад рэплікі Яна.

Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар...

С к а р ы н а. Я хацеў бы падтрымаць канцлера і ў першую чаргу прапанаваць такі запіс: згодна Статуту яго вялікасць кароль Польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага абавязваюцца захоўваць і берагчы цэласнасць дзяржавы.