Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 8

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

Б о н а. О, Санта Мадонна! Можа, прачнемся, ваша вялікасць?!. Прэсто! Прэсто!

Ж ы г і м о н т ( падхапіўшыся, перапалохана і таропка абувае чаравікі). Такі быў сон!.. Такі сон...

Б о н а ( надзявае каралю карону, дае ў рукі «дзяржаву» ). Ноччу, ноччу, ваша каралеўская вялікасць, будзеце сны глядзець...

Ж ы г і м о н т. Ноччу, мая слаўная каралева, як і заўсёды, я буду глядзець на вас, і не ў сне, а наяве...

Бона (сур'ёзна). Жартаваць, між іншым, таксама будзем ноччу...

Ж ы г і м о н т (не расшалопаў здзеку ). Была б ваша воля...

Б о н а (смяецца). Мая воля будзе... была б ваша моц.

Ж ы г і м о н т (разгублена і вікавата). Ну... тут ужо, як выпадзе...

Б о н а. О, Санта Мадонна! ( Садзіцца на свой трон, звоніць у званочак.)

З'яўляецца канцлер Гаштольд, схіляе галаву.

Яго вялікасць хоча бачыць доктара Скарыну і епіскапа Яна. ( З'едліва. ) Не лішнімі і вы будзеце, шаноўны канцлер...

Пакланіўшыся, канцлер выходзіць і вяртаецца зараз жа са Скарынай і епіскапам Янам. Запрошаныя вітаюць караля і каралеву нізкімі паклонамі. Усе апрануты

згодна сваіх пасад і званняў. Скарына - у доктарскай мантыі і берэце, які не здымае нават перад каронай.

Ж ы г і м о н т. Мы хацелі б прасіць нашых шаноўных канцлера і епіскапа даць магчымасць многавучонаму і знакамітаму мужу Францыску, сыну Скарыніну, пазнаёміцца з канчатковым тэкстам Статута Вялікага княства Літоўскага, да якога б ён прыклаў сваю руку і розум, які мы высока цэнім, і менавіта да таго, як вынесці названы збор законаў княства нашага на зацвярджэнне сейма.

С к а р ы н а (нечакана). Калі ваша вялікасць дазволіць, я скажу, што гэта справа мною ўжо зроблена ў межах маіх здольнасцей...

Б о н а ( здзіўлена ). О-о!

Ж ы г і м о н т. Але ж Статут, распрацаваны пад апякунствам нашага канцлера (глядзіць на Гаштольда ), быў толькі ў нас (глядзіць на каралеву) і ў епіскапа Яна.

С к а р ы н а. Я не быў бы Францыскам Скарынай, калі б упусціў магчымасць пазнаёміцца і ўнесці сваю лепту ў святую справу вашай вялікасці, якая робіцца на карысць маёй Айчыны.

Б о н а (з'едліва). На карысць нашага каралеўства і нашага княства, хацеў сказаць слаўны доктар.

С к а р ы н а. Менавіта так, мая слаўная каралева...

Ж ы г і м о н т. Вы наважыліся зараз жа і выказаць свае заўвагі?..

С к а р ы н а. Менавіта так, ваша вялікасць. .. І, з вашага дазволу, не столькі заўвагі, колькі прапановы...

Б о н а (паспешліва). Мы слухаем вас, доктар...

Ж ы г і м о н т. Так, слухаем...

С к а р ы н а. Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці зробленага па абагульненні законаў і прывілеяў нашага княства, Статуту, як мне здаецца, неабходна надаць пэўную стройнасць, як усякаму твору высокай навукі і мастацтва. 1 перш-наперш прымяніць строгую сістэму і структуру размяшчэння прававых нормаў. А таксама ўключыць тыповыя і абагульненыя нормы, якія ў першую чаргу тычыліся б дзяржаўнай юрысдыкцыі і дзяржаўнага кіравання.

Б о н а. Даруйце, але мяне здзіўляе, як вы маглі не заўважыць сістэмы і структуры?!.