Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 6

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

В а р т аў н і к (паблажліва). Я да цябе не наймаўся пуп надрываць. Выйдзі і вазьмі. (Адчыняе дзверы.)

Скарына выходзіць пад наглядам Вартаўніка і вяртаецца а важкім клункам кніг, завязаных у посцілку. Кладзе яго на лаўку, развязвае рагі посцілкі, гладзіць

кнігі рукою, складае ў стос.

С к а р ы н а (вельмі пранікнёна ). Якую ж ты мне радасць прынёс, добры чалавек!

В а р т а ў н і к. А навошта табе столькі?..

С к а р ы н а. Мне не трэба. Я табе хацеў паказаць.

В а р т а ў нік. Навошта, калі я ў грамаце...

С к а р ы н а. Каб ты паверыў, што я не забойца, не бадзяга, не канакрад... што я не толькі чалавек сумленны, але і не дурны...

В а р т а ў н і к. А пры чым тут кнігі?

С к а р ы н а. Я зрабіў іх уласнымі рукамі. Сам, разумееш?

В а р т а ў н і к (збянтэжана). Як сам?!

С к а р ы н а. Ну, не адзін, вядома,- з сябрамі, з таварышамі...

В а р т а ў н і к. Дык ты мо і сам чытаць умееш?!.

С к а р ы н а. Я і пісаць яшчэ ўмею. (Смяецца)

В а р т а ў н і к. Акрамя смеху?..

С к а р ы н а. Магу паклясціся...

В а р т а ў н і к. Перахрысціся!

Скарына хрысціцца.

Я разумею, калёсы там зрабіць, хамут ці барану...А чаму гэта менавіта ты за кнігі ўзяўся?..

С к а р ы н а. А больш не было каму.

В а р т а ў н і к. Як гэта не было? Манахі гэтым у Полацку спрадвеку займаліся. Іх гэта справа... і тут, у Познані.

С к а р ы н а. Справа якраз у тым, што перапісваў я гэтыя кнігі з незразумелай латыні полацкімі словамі, каб дзеткі паспалітыя і людзі простыя разумець маглі.

В а р т а ў н і к (захоплены пачутым ). І даказаць гэта можаш?!.

С к а р ы н а. Магу... Ты толькі сядай.

В а р т а ў н і к. Пакуль разам з табою не пасадзілі, пастаю...

С к а р ы н а. Ну, пастой сабе. (Бярэ кніжку. адгортвае старонку: чытае больш па памяці, чым па тэкце. ) «В сей книзе всее прироженое мудрости зачало и конець... В сей книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имеють, попи-

ваны суть... В сей книзе вси лекарства, душевные и телесные зуполне знайдете. Ту навчение филозофии добронравное, яко любити Бога для самого себе и ближнего для Бога, имамы...

Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполнай Бивлии, Псалтыру, чти ее...»

В а р т а ў н і к. Распавядаеш прыгожа, і паверыць хочацца, а не магу... Не, калі заплюшчыць вочы, можа б, і паверыў, што ты ўсё гэта сам у кнігу ўставіў, а як гляну на тваё рыззё - не магу.

С к а р ы н а (падае кнігу). Тады патрымай... пагартай...

В а р т а ў н і к. А што з таго?..

С к а р ы н а. Ну, хоць на выявы паглядзі!.. Я іх сам маляваў і ў кнігі ўставіў. ( Цытуе па памяці.)«А для таго, абы братия моя Русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети...»

В а р т а ў н і к (разглядае малюнкі і з захапленнем, і са здзіўленнем, і са страхам). А гэта хто?..Хрыстос ці мо епіскап які?..

С к а р ы н а. Гэта - я...

В а р т а ў н і к. Як - ты?!

С к а р ы н а. А так, як бачыш: уласнай персонаю, толькі не ў лахманах, ад якіх у цябе такі недавер, а ў доктарскай мантыі...