Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 4

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

З'яўляецца Іван Скарына.

С к а р ы н а. Што ж ты нарабіў, браце мой, Іване?! Хіба ж так здраджваюць родным?!

І в а н. Не судзі мяне строга за тое, што пакінуў пасля сябе адны даўгі. Не згарэла б наша друкарня ў Вільні, і я, відаць, пажыў бы яшчэ. У полымі тым

загінула твая мара, а мае грошы. Сэрца і не вытрымала нашага канчатковага краху. Калі дасць Бог сыну Раману разлічыцца з даўгамі і зноў паставіць на ногі купецкую справу і славу Скарынічаў, можа, ён табе і дапаможа. А можа, і не варта. Можа, пустое ўсё гэта, друкарства наша...

А с т р о ж с к і (строга). Як жа можна так, Іван, сын Скарынін?! Мы з табою памерлі, а яму жыць, і справе кніжнай жыць! Не мне табе расказваць, як менавіта яна, кніга, школа, адукацыя, абнаўленне царквы ўскалыхнулі дзяржавы і вялікія, і малыя. Можа, ёй, асвеце, і суджана прымірыць людзей, пазбавіць вайны і смерці. Колькі жыў, столькі і ваяваў гетман Канстанцін Астрожскі. Больш за 60 разоў перамог крымчакоў на поўдні дзяржавы, не раз біў маскалёў на яе ўсходзе. Зведаў ганьбу палону ў вялікага князя маскоўскага. І ўцёк з яго, каб зноў змагацца з находнікамі і набежнікамі за непадлегласць дзяржавы нашае. А паміраючы, зра-

зумеў: мала рупіўся князь Астрожскі аб справе мірнай, кніжнай, асветніцкай і святой, каб не звярэлі людзі, не зводзілі адзін аднаго са свету, не сеялі

зайздрасць, ярасць і нянавісць. Паміраючы, зразумеў, што моц дзяржавы, яе сіла і годнасць не столькі ў моцы зброі, колькі ў_моцы духу, згодзе, супольнасці, другалюбстве.

І в а н. Добра гаворыш, гетман, а што мы маем на справе? Выбітыя і вымерлыя сёлы, спустошаныя гарады, здратаваныя нівы і здзічэлыя гоні, заняпалы гандаль. А наперадзе новыя войны, паборы, ахвяры!.. Якія ўжо тут кнігі?!.

Асвятляецца Мікола Гусоўскі, а за ім і ўсе тыя, каго мы ўжо бачылі.

С к а р ы н а. Я чакаў цябе, Мікола!..

Г у с о ў с к і. Цела маё амаль памерла, але душа яшчэ не адляцела. (Пачынае чытаць па памяці.)

"...Бачу я з найвялікшым для сябе жалем і, зразумела, з пэўнай стратай для дзяржавы, што славуцейшыя сэрцы зусім не паважаюцца. Яны з-за матэрыяльнай нястачы і беднасці цалкам не могуць сябе праявіць. Бачу я таксама, што ёсць нямала людзей, якія валодаюць і багаццем і талентам. Але калі яны заўважаюць, што вучоных, мастакоў і паэтаў так мала шануюць і паважаюць, то імкнуцца больш узбагачацца, чым ахарошваць душу...

Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу, чым на сілу цела, пра што сведчаць як грэкі, так і рымляне. Іх магутнасць квітнела найбольш тады, калі расцвіталі навукі. А як толькі пачалі нікнуць таленты, сілы іх згаслі, а з заняпадам апошніх абрушылася іх дзяржава і ўсталявалася рабства. Таксама і ў нас...

Хоць нам не ўласцівыя ні норавы, ні звычаі старажытных, аднак вечная сіла неба і мужнасць нашага воіна-ратніка не падвядуць, як справа дойдзе да зброі, калі толькі мы, бяззбройныя, не будзем раздушаны нейкім наканаваным няшчасцем, ці, ясней кажучы, спрытным круцельствам некаторых і сваёй бяздзейнасцю..."