Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 40
Алесь Бадак
Хутка здалёк пачулася чмыханне паравоза, пасля паказаўся і сам паравозік, які цягнуў за сабой зялёны вагончык. Паравозік рухаўся марудна, таму што пластмасавыя колы яго ўвесь час прабуксоўвалі. Нарэшце ён дайшоў да таго месца, дзе стаялі Неаніла са сваей госцяй, стомлена чмыхнуў і спыніўся. З зялёнага вагончыка выйшаў важны пан.
— Гэта мой Галоўны Канструктар,— адрэкамендавала яго Карыне маленькая фея.— А гэта мая госця Карына,— сказала яна, звяртаючыся ўжо да Галоўнага Канструктара.— Ёй патрэбен верталёт, але яна баіцца, што на ім небяспечна лётаць.
— Хм, а Вы не сказалі ёй, што Ваш верталёт самы надзейны ў свеце? — пацікавіўся Галоўны Канструктар.
— Сказала, але яна не верыць і хоча, каб ты першы палётаў на ім,— растлумачыла фея.
— Вядома, я зраблю ўсё, што Вы пажадаеце, але, павінен нагадаць, я атрымліваю грошы за тое, што займаюся канструяваннем, а не выпрабоўваннем сваіх мадэляў,— з крыўдай у голасе прамовіў Галоўны Канструктар і з гэтымі словамі накіраваўся да верталёта.
Паколькі верталёт для яго бьць залішне вялікім, Галоўнаму Канструктару давялося падымацца ў кабіну па лесвіцы. Нарэшце запрацаваў прапелер, і верталёт адарваўся ад зямлі. Аднак, зрабіўшы невялікі круг над садам, ён раптам нібы папярхнуўся і заціх, прапелер перастаў круціцца.
24. КАНСТРУКТАРЫ-САМАВУКІ
Верталёт упаў у сад і цудам не разваліўся на часткі. Пакуль маленькая фея і Карына дабеглі да машыны, з яе ўжо вылез Галоўны Канструктар.
— А хто мне гаварыў, што гэты верталёт самы надзейны ў свеце? — грозна спытала ў Галоўнага Канструктара Неаніла.
— А хіба не так? — пытаннем на пытанне адказаў Галоўны Канструктар.— Паглядзіце, ён упаў з такой вышыні і зусім не разбіўся. Праўда, у ім трэба замяніць прапелер — гэта зойме некалькі дзён.
Карына ўявіла, што з ёй было б, калі б яна падчас падзення верталёта з такой вышыні знаходзілася ў ім, і гнеўна сказала Галоўнаму Канструктару:
— Ды табе не тое што верталёт, табе нельга канструяваць нават... нават... Табе нічога нельга канструяваць! Таму што ўсе твае канструкцыі — гэта адны недаробкі. Верталёты падаюць з неба, цягнікі сыходзяць з рэек. А пластмасавыя чалавечкі! Іх ногі і рукі пастаянна адвальваюцца, бо мацуюцца на ненадзейных болціках і гайках.
— Што яна такое гаворыць? — нахмурыўся Галоўны Канструктар.— Хто яе падвучыў? Ваша Вялікасць, не верце ёй!
— Ах, перастань,— паморшчылася Неаніла.— Я сама не раз табе гаварыла, што твая работа часам бывае нікуды не вартая. Але, на жаль,— звярнулася яна да Карыны,— у нас няма лепшых канструктараў.
— Ёсць! — запярэчыла Карына.— I, я думаю, яны ўжо стаяць каля варотаў замка.
— Не слухайце яе, Ваша Вялікасць! — залямантаваў Галоўны Канструктар.— Я ведаю ўсіх пластмасавых чалавечкаў нашай краіны. Усе лепшыя канструктары працуюць у Вашым замку. Не слухайце гэтую іншаземку! Адкуль яна тут узялася? Хто яе прапусціў?
Але Неаніла толькі ўсміхнулася, узяла Карыну за руку і сказала:
— Пойдзем паглядзім, хто там стаіць каля варотаў замка.
Галоўны Канструктар нехаця паплёўся следам за дзяўчынкамі.