Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 39

Алесь Бадак

Карыне давялося зноў расказваць пра свае прыгоды.

— А пасля мы адчулі, што нам вельмі хочацца спаць. Як ішлі далей, ужо не памятаю, я ачнулася толькі ў Тваёй краіне. Баюся, што Граня адстаў альбо збочыў на іншую дарогу — тады ён можа заблудзіцца,— такімі словамі закончыла яна свой расказ.

— Як я табе зайздрошчу,— уздыхнула маленькая фея.

— Чаму?

— Ну, як жа, ты пабывала ў розных краінах, столькі ўсяго пабачыла. А ў мяне тут сумна, нічога цікавага не адбываецца, нават у цацкі няма з кім пагуляць. Таму я іх і ажыўляю.— Маленькая фея зноў уздыхнула і сказала: — Я пастараюся табе дапамагчы.

Яна ўзяла Карыну за руку і павяла па садзе.

— У замку ёсць верталёт, ты можаш абляцець на ім хоць усю краіну, і калі твой сябар недзе тут, знайсці яго будзе нескладана.

Яны ішлі паміж фруктовых дрэў, лапы якіх гнуліся пад цяжарам сакавітых пладоў. Праходзячы міма слівы, Карына падумала, што ў свеце няма нічога смачнейшага за слівы, але пасаромелася папрасіць у феі хоць адну сліўку. Калі ж яны праходзілі міма разлапістай грушы, Карына ўжо думала, што самае смачнае ў свеце — гэтыя грушы, і яна магла б зараз з'есці іх цэлы кошык. Ці хоць бы парачку. Ці хай сабе і адну. А калі яны падышлі да яблыні, маленькая фея, быццам прачытаўшы думкі Карыны, сарвала з дрэва вялікі ружовы яблык і працягнула госці:

— На, паспытай.

Карына з радасцю прыняла пачастунак.

Верталёт, які стаяў на маленькай пляцоўцы паміж дрэў, яна ўбачыла здалёк. Ён быў невялікі, і Карына падумала, што сядзець у ім давядзецца добра такі ўціснуўшы галаву ў плечы. А калі яны наблізіліся да верталёта, у Карыны з'явіліся падазрэнні, у параўнанні з якімі яго памеры былі проста дробяззю.

— А ён што — таксама пластмасавы? — насцярожана спытала яна ў феі.

— Вядома,— кіўнула Неаніла.

— I ён можа ўзляцець?

— А чаму не? — здзівілася Неаніла.— Праўда, спачатку ён быў цацкай, але я зрабіла так, каб на ім можна было падымацца ў паветра.

— I Ты лятала на ім? — асцярожна пацікавілася Карына.

— Яшчэ не,— прызналася маленькая фея.— Ды і куды мне ляцець? Магчыма, калі пасябрую з феяй якой-небудзь іншай казачнай краіны, тады. А так... Але ты не хвалюйся, мой Галоўны Канструктар гаварыў, што гэта самы надзейны верталёт у свеце.

Аднак апошнія словы Неанілы не вельмі супакоілі Карыну. Дзяўчынка некалькі разоў прайшлася вакол верталёта.

— На месцы Твайго Галоўнага Канструктара я не спяшалася б з такімі вывадамі,— сказала яна.— Нядаўна я размаўляла з адным пластмасавым чалавечкам...

— Усё ясна, ты баішся,— засмяяўшыся, перабіла яе маленькая фея.— Аказваецца, ты баязліўка. Ну, хочаш, я палячу разам з табой? Ён якраз разлічаны на двух пасажыраў.

— Мне здаецца, было б справядліва, калі б першым на ім паляцеў Твой Галоўны Канструктар,— заўважыла Карына.

— Баязліўка! — зноў засмяялася Неаніла.

Яна падышла да невысокага пластмасавага слупа і націснула на нейкую кнопачку. У той жа момант недзе далека пачуўся гук, які нагадваў сігнал цягніка. Толькі цяпер Карына заўважыла ў траве вузенькае чыгуначнае палатно.