Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 42
Алесь Бадак
— Пра гэта лепш спытаць у нашай феі,— адказаў Майстар-Самавучка.— Яна ажыўляе нас і робіць так, каб маглі рухацца пластмасавыя цягнікі, машыны, верталёты.
— Значыць, ад вас, канструктараў, тут мала што залежыць? — расчаравана спытала Карына.
— Яшчэ як залежыць! — не пагадзіўся пластмасавы верталётчык.— Хіба машына можа ехаць, калі ў ёй адвальваюцца колы? Тут ніякая фея не дапаможа.
Карына мусіла пагадзіцца: і як ёй прыйшло ў галаву задаць такое недарэчнае пытанне?!
Тым часам наперадзе паказаўся лес.
— Усё,— сказаў Майстар-Самавучка,— там ужо іншая краіна.
— Табе забаронена туды ляцець? — з сумам у голасе спытала Карына.
— Можа, і не забаронена, не ведаю, але гэта вельмі небяспечна,— развёў пластмасавымі рукамі Майстар-Самавучка.
— Калі ласка,— папрасіла дзяўчынка,— мы далека не будзем залятаць, толькі крышачку — туды і назад.
Майстар-Самавучка ўздыхнуў, але не стаў больш пярэчыць. Верталёт паляцеў над вузенькай сцежкай — і так нізка, што ледзь не чапляў вершаліны дрэў.
— Думаю, нашай феі гэта не спадабаецца,— прамармытаў Майстар-Самавучка.
Раптам наперадзе паказалася бурная лясная рака. Праз раку вяла вузенькая кладачка з трох жэрдак — далека не кожны асмеліўся б перайсці па ёй на другі бераг.
— Дзіўна,— ледзь чутна прамовіла дзяўчынка,— няўжо я ішла па гэтай кладцы? Нічога не помню.
Рака засталася ззаду.
Нечакана сцежка, над якой яны ляцелі, злучылася з шырокай і прамой лясной дарогай, з якой у гэтым жа месцы злівалася яшчэ адна вузенькая сцежка.
— Стой! — закрычала Карына, нібы яны ехалі на аўтамабілі, а не ляцелі на верталёце.— Вось дарога, па якой мы павінны былі вярнуцца дадому. Значыць, я сышла з яе! А Граня альбо пайшоў па ёй далей, альбо павярнуў на тую сцяжынку.
— Што будзем рабіць? — спытаў Майстар-Самавучка.
— Калі Граня нікуды не зварочваў, то ён ужо, магчыма, дома. А калі ён звярнуў на тую сцежку... Давай паляцім над ёй!
Майстар-Самавучка паслухмяна развярнуў верталёт. Некалькі хвілін яны ляцелі над сцежкай, і раптам наперадзе зноў паказалася бурная рака з такой жа вузенькай кладкай з трох жэрдак.
— Ах! — усклікнула Карына.— Калі ён спрабаваў ісці па ёй...
Яна не дагаварыла.
— А цяпер што будзем рабіць? — спакойна пацікавіўся Майстар-Самавучка.
— Давай сядзем каля ракі,— папрасіла Карына.
— Гэта яшчэ больш небяспечна, чым проста ляцець над тэрыторыяй чужой краіны,— папярэдзіў пілот, аде, тым не менш, зрабіў так, як сказала дзяўчынка.
Карына вылезла з верталёта і агледзелася. Раптам яна заўважыла, што пад ніцай вярбой, якая расла каля самага берага, нехта ляжыць. Карына падышла бліжэй і радасна ўсклікнула:
— Граня!
Ад гучнага воклічу Граня абудзіўся, расплюшчыў вочы і недаўменна ўтаропіўся ў дзяўчынку, спрабуючы спрасонку зразумець, дзе ён і што з ім.
У наступны момант хлопчык усхапіўся на ногі і, паглядзеўшы па баках, расчаравана прамовіў:
— Ну вось, а мне снілася, што я ўжо дома, сяджу за сталом і ем смачныя аладкі са смятанай. I трэба было табе разбудзіць мяне якраз тады, калі я толькі што ўзяўся за шостую аладку,— уздыхнуў ён.