Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 38
Алесь Бадак
— Добра,— паабяцала Карына,— калі я сустрэнуся з феяй Неанілай, я абавязкова раскажу ёй пра вашых сяброў. Але, мне здаецца, будзе лепш, калі яны самі растлумачаць ёй, чым іх мадэлі пластмасавых людзей лепшыя. Таму перадайце ім, каб яны чакалі каля замка, пакуль фея іх не пакліча да сябе.
— Ах, я проста не ведаю, як вам дзякаваць! — усклікнуў Пластмасавы Чалавечак.
— Вы мне таксама дапаможаце, калі пакажаце дарогу да замка,— сказала Карына.
— Яна перад вамі,— раскінуў рукі Пластмасавы Чалавечак.— Вы якраз ішлі ў бок замка.
Карына развіталася з Пластмасавым Чалавечкам, а ён усё стаяў і махаў ёй услед, пакуль дзяўчынка не схавалася за узгоркам.
23. НЕАНІЛА АБЯЦАЕ ДАПАМОГУ
Каля варотаў замка стаялі два пластмасавыя афіцэры з пластмасавымі стрэльбамі на плячы.
— Стой! Ты да каго? — звярнуўся да Карыны адзін з іх, у званні капітана, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач,— зрэшты, не зусім упэўненых, як-ніяк, дзяўчынка была ў некалькі разоў вышэйшая за кожнага з іх.
— Да феі Неанілы,— спакойна адказала Карына, паблажліва ўсміхаючыся і перасільваючы жаданне ўзяць афіцэра за плечы і падняць, каб лепш разгледзець.
Спакойны тон і паблажлівая усмешка яшчэ больш азадачылі афіцэраў.
— Каб патрапіць на аўдыенцыю да феі Неанілы, патрэбны спецыяльны дазвол,— сказаў Капітан.
— А хто мае права выдаць такі дазвол?
— Фея Неаніла.
— Хм,— задумалася Карына. Раптам яна хітра прыжмурыла вочы і ўпэўнена сказала: — Значыць, вы павінны прапусціць мяне, каб я магла ўзяць у феі Неанілы дазвол на аўдыенцыю.
I, не чакаючы, пакуль афіцэры вырашаць, як ім паводзіць сябе з ёю далей, увайшла ў замак і апынулася ў вялікім прыгожым садзе, у якім раслі розныя фруктовыя дрэвы. Між дрэў раскінуліся кветнікі. Паўсюль стаялі лавачкі. У глыбіні саду на арэлях гушкалася дзяўчынка гадоў сямі з прыгожым белым бантам у светлых валасах, у белай клёшнай сукенцы з карункамі на варатнічку і кароткіх рукавах.
"Я і не ведала, што ў фей бываюць дзеці",— падумала Карына і накіравалася да дзяўчынкі.
— Прывітанне,— сказала яна ўсміхнуўшыся. Дзяўчынка падазрона паглядзела на няпрошаную госцю і спытала:
— Ты хто?
— Я? — на імгненне разгубілася Карына.— Чалавек.
— Ты фея?
— Не,— пакруціла галавой Карына.— Я трапіла сюды з іншай краіны і хачу прасіць дапамогі ў феі Неанілы.
— Дапамогі? — перапытала дзяўчынка, не перастаючы гушкацца.— А ў чым табе трэба дапамагчы?
Карына вырашыла, што неабавязкова такой маляўцы расказваць пра свае прыгоды, і сказала:
— Я спадзяюся, што фея Неаніла дапаможа мне вярнуцца ў маю краіну, а можа, нават і дапаможа адшукаць аднаго хлопчыка.
— А ён што, згубіўся?
— Згубіўся. Ці магу я ўбачыць фею Неанілу?
— Я і ёсць Неаніла,— сказала дзяўчынка і нарэшце перастала гушкацца.
— Ды не... Мне трэба Валадарка Краіны Пластмасавых Чалавечкаў, разумееш?
— Я і ёсць Валадарка Краіны Пластмасавых Чалавечкаў,— з крыўдай у голасе сказала дзяўчынка і саскочыла з арэляў.
— Ты? — разгубілася Карына.
— Я,— кіўнула маленькая фея.— Якога хлопчыка трэба дапамагчы адшукаць, і ў якую краіну ты хочаш вярнуцца?