Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн
Алесь Бадак
АЛЕСЬ БАДАК
НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПАДАРОЖЖА Ў КРАІНУ ВЕДЗЬМАЎ
НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПАДАРОЖЖА Ў КРАІНУ ВЕДЗЬМАЎ
1. НЕПРЫЕМНАЯ СУСТРЭЧА
На прыпынку людзей было многа, але Данік стаяў каля самай броўкі — як толькі аўтобус, чмыхнуўшы, расчыніў дзверы, ён ускочыў першы і заняў месца каля акна. Вы калі-небудзь ездзілі ў аўтобусах, седзячы каля акна? Ну, вядома ж, ездзілі! Тады вам не трэба тлумачыць, чаму пасажыры, нават калі іх на прыпынку мала, яшчэ да таго як пачуецца гэтае незадаволенае "чмы-х-х!", пачынаюць прабірацца бліжэй да броўкі. Правільна, каб заняць лепшыя месцы — каля акна, адкуль, напрыклад, вельмі зручна лічыць машыны, якія праносяцца міма. Граня, Данікаў сябрук з паралельнага класа, хваліўся, быццам аднойчы налічыў цэлую сотню, але Граню змахляваць, што чыхнуць,— паглядзіць так, быццам ты яму яшчэ і дзякуй павінен сказаць. Данікаў ракорд — шэсцьдзесят чатыры машыны, і гэта без усялякага падману.
Дзверы аўтобуса зачыніліся. Данік прымасціў у нагах цяжкі школьны ранец і затрымаў позірк на нечых дзіўных паношаных чаравіках з загнутымі, як лыжы, наскамі. Гэта з якога музея яны сюды трапілі?! Даніку закарцела зірнуць, хто б мог насіць такі абутак, хоць і так было ясна, што іх гаспадар далека не яго равеснік і чакае не дачакаецца, пакуль Данік саступіць яму месца. Вось табе і маеш, адно сеў, а ўжо трэба ўспорвацца! Аднак хлопчык вырашыў счакаць некалькі хвілін — а раптам хто-небудзь усхопіцца раней? Павінен жа ў гэтым аўтобусе ехаць яшчэ хоць адзін выхаваны пасажыр!
I тут на спінку пярэдняга сядзення — ну, проста перад яго носам! — апусцілася рука, спрэс пасечаная дробнымі маршчынкамі. На пальцах былі доўгія пазногці, закручаныя на канцах літараю "г". Але не яны здзівілі хлопчыка. На ўказальным пальцы ён убачыў шырокі залаты пярсцёнак з круглым крышталікам, усярэдзіне якога мерна пагойдвалася рыбіна вока!
Данік не вытрываў, ускінуў галаву і ўбачыў твар старой жанчыны — ссохлы, выцягнуты, з двума доўгімі сівымі валаскамі-антэнамі на падбародку. I вочы — такія ж халодныя, рыбіныя, як і на пярсцёнку.
— Ты хіба не ведаеш, што трэба саступіць мне месца? — пагрозліва спытала бабулька нізкім непрыемным голасам.
Папраўдзе, усё ў ёй Даніку было непрыемным: голас, твар, рукі, старая камізэлька і доўгая чорная спадніца з вялікімі латкамі, дзіўныя чаравікі...
— Я не магу, мне нага баліць! — буркнуўшы, зманіў ён. I падумаў: "Ну, зараз пачнецца!"
Але бабулька адно скрывілася, пры гэтым так зіркнула на Даніка, што ён міжволі ўцягнуў галаву ў плечы і апусціў вочы. Невядома, што было б далей, але тут аўтобус нечакана заглох і спыніўся. Бабулька праціснулася да выхада і загрукала ў дзверы так настойліва, што шаферу давялося расчыніць іх. Толькі дзіўная пасажырка выйшла, як аўтобус сам па сабе завёўся. Шафёр недаўменна паціснуў плячыма — колькі разоў здаралася, што яго машына ні з таго ні з сяго глохла, але каб сама заводзілася!..
Нарэшце аўтобус павярнуў на іншую вуліцу, з левага боку якой ужо заканчваўся горад і пачыналася поле, за полем цямнеў лес.
Данік падняўся, каб прайсці да выхада, але нечакана войкнуў і прысеў на правую нагу.