Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 16

Алесь Бадак

— Ціха! — зашыпелі на іх вучні.— Не разбудзіце яго!

Ор паказаў Карыне рукой, каб яна нахілілася, і прашаптаў ёй на вуха:

— Ведаеш, колькі мы шукалі такога настаўніка? Цэлы год! Гультай з гультаёў! Яму цаны няма! Ён нават лянуецца нам адзнакі ставіць! Мы самі сабе ставім, хто якія хоча.

— Напэўна, у вас тут адны выдатнікі? — ухмыльнулася Карына.

— Што ты! — абурыўся Ор.— Яшчэ чаго не хапала! У нас ва ўсіх амаль адны двойкі!

— Па-мойму, двойкі трэба ставіць не толькі вам, але і вашаму настаўніку, раз ён без памылак не можа напісаць нават тэму урока.

— Я ж і кажу: яму цаны няма! — па-свойму расцаніў словы Карыны Ор.

— I ён што — адзін вядзе ўсе прадметы?

— Што значыць "усе прадметы"? У нашай школе адзін прадмет!

— Хацелася б ведаць, як ён называецца,— з усмешкай сказала Карына.

— "Гультайствазнаўства", як жа яшчэ! — з гонарам прамовіў Ор.

— I праўда, як я сама да гэтага не дадумалася,— паціснула плячыма Карына: якія яшчэ прадметы могуць быць у школе, дзе вучацца адны гультаі і дзе настаўнік — несусветны гультай, які не мог прыдумаць нічога іншага, як заснуць пад сталом у класе!

— Калі ты думаеш, што гэта самае лепшае, на што ён здатны, то памыляешся,— усцешана сказаў Ор.— Сёння ён хаця б да школы дайшоў, а то бывае, што на паўдарозе ляжа пад якім-небудзь дрэвам і спіць.

11. У ЗАМКУ ВІРЫНЕІ

Ор некалькі разоў пазяхнуў і сказаў Карыне:

— Слухай, я, відаць, застануся тут. Ніхто не ведае, калі прачнецца настаўнік, а мне не хочацца прапусціць пачатак урока.— Ён зрабіў паўзу, каб яшчэ некалькі разоў пазяхнуць.— А да замка Вірынеі адсюль блізка, толькі нікуды не зварочвай з дарогі, па якой мы ішлі.

Пазіраючы ў сонныя вочы Ора, Карына не сумнявалася, што ён вырашыў застацца ў класе, каб крыху паспаць. "Ну і дрыхні,— нязлосна падумала яна.— Ды і чаго яшчэ ад цябе чакаць, раз ты жывеш у краіне адных гультаёў".

Дзяўчынка падзякавала Ору і выйшла са школы.

— Да замка Вірынеі, і праўда, было хвілін дзесяць хады. Карына не раз бачыла ў кніжках малюнкі старажытных замкаў, таму адразу здагадалася, што перад ёю. Хоць, трэба сказаць, не кожны б на яе месцы здагадаўся. Замак выглядаў так, быццам нядаўна трымаў варожую асаду. Драўляныя абарончыя сцены былі амаль разбураныя. Праўда, калі Карына падышла бліжэй, то зразумела, што ніхто іх не разбураў,— іх проста паленаваліся дабудаваць.

Дзяўчынка думала, каля варотаў яе спыніць грозная варта, але там нікога не аказалася. Толькі каля дзвярэй палаца, таксама запушчанага і недабудаванага, яна ўбачыла лясона, які мірна драмаў, прытуліўшыся спіной да сцяны і трымаючы ў руках вялізную рагатку, якая, па ўсім відаць, служыла яму зброяй.

Карына доўга думала, будзіць ёй вартаўніка ці не. "Раз у гэтай краіне паўсюль спяць сярод белага дня,— нарэшце вырашыла яна,— значыць, ён займаецца тым, чым і павінен займацца. Ва ўсялякім разе, яму не павінна папасці ад Вірынеі за тое, што прапусціў мяне без яе дазволу".