Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 14

Алесь Бадак

Але толькі яна раскрыла рот, як карантышка незадаволена сказаў:

— Можна падумаць, калі некалькі разоў задаць адно і тое ж пытанне, то хутчэй атрымаеш адказ.

— Можна падумаць, ты не мог адказаць на яго, калі я спыталася першы раз,— узлавалася Карына.

— Ну, мне ж трэба было спачатку падумаць,— крыху здзіўлена сказаў чалавечак.

— Хіба я спытала нешта такое, пра што трэба доўга думаць?!

— Вядома,— спакойна адказаў чалавечак.— Я ляжу гадзіны чатыры, і за гэты час тут шмат хто мог прайсці альбо... Хоць, не, прабягаць тут ніхто не прабягаў, інакш гэта б я запомніў.

— Ну, вось, бачыш,— незадаволена прамовіла Карына,— мог бы сказаць адразу. Я столькі часу на цябе патраціла.

— I ўчора тут ніхто не прабягаў, і пазаўчора,— быццам не чуючы дзяўчынку, прадаўжаў карантышка.— I ўвогуле, калі табе трэба нехта, хто любіць бегаць, то ты яго шукаеш не ў той краіне.

— Ты хочаш сказаць, што ў тваёй краіне ніхто не бегае? — недаверліва спытала Карына.

— Не, я хачу сказаць, што ў нас гэта не прынята,— уздыхнуў чалавечак так, быццам размаўляў з надакучлівым немаўлём.

Карына азірнулася вакол і раптам усклікнула:

— А, гэта, відаць, Лясонія? Краіна гультаёў? Сказаўшы "гультаёў", дзяўчынка спалохана прыкрыла рукой рот — як гэта ў яе з языка сарвалася?!

Але чалавечак не толькі не пакрыўдзіўся на "гультаёў", але нават з гонарам дадаў:

— Вядома. Самых сапраўдных.

— Ну і ну,— разгублена прамовіла Карына. З хвіліну яна маўчала, раздумваючы, што ёй рабіць далей.— Паслухай, а ты можаш паказаць мне, дзе жыве ваша Валадарка?

Чалавечак здзіўлена паглядзеў на яе, але не спяшаўся з адказам.

"Цікава,— падумала Карына, не рызыкуючы зноў паўтарыць свае пытанне,— колькі часу яму спатрэбіцца, каб сабрацца з думкамі?"

I Карына пачала лічыць: "Раз, два, тры, чатыры..."

Чалавечак адазваўся, калі яна далічыла да дваццаці.

— А Вірынея ведае, што ты хочаш з ёй сустрэцца? — пацікавіўся ён.

— Не,— пакруціла галавой дзяўчынка.

— Тады можаш не спяшацца,— чамусьці ўзрадавана сказаў карантышка.

— Я не магу не спяшацца— мне трэба як мага хутчэй убачыць валадарку вашай краіны,— запярэчыла Карына.

— Можа, табе і трэба,— паціснуў плячыма чалавечак,— але Вірынея цябе ўсё роўна зараз не прыме.

— Чаму?

— Таму што яна спіць.

— Спіць? — здзіўлена ўсклікнула дзяўчынка.— Але ж да вечара яшчэ далека!

— Ну і што? — сказаў чалавечак.— Ты хіба ясі толькі тады, калі цябе паклічуць за стол, а не заўсёды, калі табе хочацца есці?

Пра яду карантышка нагадаў зусім няўчас, у Карыны слінкі пацяклі ад аднаго гэтага слова, і ёй захацелася хутчэй змяніць тэму.

— Я — гэта я, а Валадарка — гэта Валадарка,— сказала яна — праўда, не зусім упэўнена.

— Вядома,— падхапіў чалавечак.— Таму Вірынея павінна ва ўсім нам паказваць прыклад. I спаць столькі, колькі ніхто з нас не здолее.

Карына зразумела, што далей спрачацца не мае сэнсу, і сказала:

— I ўсё ж, калі табе не вельмі цяжка, пакажы мне, дзе яна жыве.