Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 15
Алесь Бадак
10. ШКОЛА ГУЛЬТАЁЎ
Чалавечак ішоў вельмі марудна, раз-пораз то азіраючыся па баках, то задзіраючы галаву ў неба, дзе плыло маленькае белае воблачка. Але Карына ўжо была рада і таму, што ён увогуле пагадзіўся паказаць ёй замак Валадаркі Лясоніі, і не падганяла яго. Яна спрабавала з ім загаварыць, аднак чалавечак адказваў неахвотна, а часам і не да месца, таму адзінае, што дзяўчынка змагла даведацца больш-менш пэўна, гэта яго імя — Ор.
Хутка наперадзе сталі паказвацца невялікія домікі, якія мелі даволі дзіўны выгляд. Яны былі пабудаваныя так, што маглі разваліцца ў любое імгненне. У адным не хапала вокан, у другім — дзвярэй, у трэцім не было даху.
Каля домікаў валялася столькі смецця — розных паперак, шалупіння, агрызкаў, старых паламаных рэчаў,— быццам гаспадары ніколі не прыбіралі свае надворкі.
"Ну і запусценне!" — падумала Карына.
I, быццам падслухаўшы яе думкі, Ор сказаў:
— Гэта яшчэ што! Прыходзь да нас праз год, паглядзіш, якая тут будзе любата!
— Магу сабе ўявіць,— іранічна прамовіла Карына.
— А што! Газоны, клумбы — усё гэта зусім запусціцца, і тады можна будзе хадзіць дзе захочаш.
Карына паглядзела па баках — газоны і клумбы, пра якія гаварыў Ор, і так зараслі пустазеллем, куды ўжо далей!
Тым часам яны наблізіліся да будынка, на касабокіх дзвярах якога вісела шыльда: "МАГАЗІН".
— Калі ў вас ёсць свой магазін, значыць, у ім нешта прадаюць. А раз у ім нешта прадаюць, значыць, вы не такія ўжо і гультаі,— заключыла Карына.
— Ха! Знайшла дурняў! — усклікнуў Ор.— Прадаюць! Ды і не магазін тут, а школа.
— Школа? — недаўменна перапытала Карына.
— Ага,— кіўнуў Ор.— Гэтую шыльду нехта ад некуль прыцягнуў. Перапісваць, зразумела, паленаваліся, так і павесілі.
— Значыць, вы ўсё ж вучыцеся! — заўважыла Карына.— А раз вы вучыцеся, значыць...
— Вядома, вучымся,— перабіў яе Ор.— Круглы год.
— Ты хочаш сказаць, што ў вас не бывае нават летніх канікулаў? — сумелася Карына.
— Можаш сама пераканацца,— хітравата ўсміхнуўся Ор і павёў яе ўсярэдзіну будынка.
У школе аказаўся толькі адзін кабінет, у якім за партамі сядзела чалавек трыццаць вучняў. На дошцы вялікімі літарамі была напісана тэма ўрока:
— Нічога сабе тэмачка,— прамармытала Карына, налічыўшы на дошцы аж пяць памылак.— У вас на уроках праходзяць такую... такія тэмы?
— А то! — з гонарам сказаў Ор.
— Чаму ж тады ты не на занятках? — іранічна спытала дзяўчынка, якой пачало здавацца, што яе тут проста вырашылі разыграць.
— А яны яшчэ не пачыналіся,— растлумачыў Ор.
— I праўда, вучні займаліся чым хацелі. Адны размаўлялі, іншыя шамацелі папяровымі мяшэчкамі, у якія клапатлівыя бацькі паклалі бутэрброды, пончыкі і фрукты, нехта спаў, а нехта задумліва пазіраў у акно — калі, вядома, акном можна назваць пусты праём у сцяне.
— I невядома, ці сёння пачнуцца,— дадаў Ор.
— А дзе ж ваш настаўнік? — спытала Карына.
— Настаўнік?
Ор выцягнуў шыю і зазірнуў пад настаўніцкі стол.
— Ды вунь спіць!
— Настаўнік спіць? — не паверыла Карына і таксама зазірнула пад стол.
Неверагодна! Падклаўшы доўгія рукі пад галаву, там пасопваў маленькі чалавечак у старой, у некалькіх месцах залатанай шэрай камізэльцы і памятых чорных штанах.