Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 18

Алесь Бадак

— Сорамна. Як ты думаеш, чаму ў маім палацы так цёмна? — спытала яна даверліва.

— Таму, што Вы лянуецеся расчыніць аканіцы,— не доўга думаючы, адказала дзяўчынка.

— Не,— сумна ўсміхнулася Вірынея.— Гэта маглі б зрабіць і мае слугі. Цёмна, каб не было відаць, які тут бруд і беспарадак.

— Чаму ж Вы не загадаеце сваім слугам прыбраць тут усё і вымыць? — спытала Карына,

— Хм, я Валадарка Краіны Гультаёў і павінна адпавядаць свайму статусу,— растлумачыла Вірынея, і ў яе голасе не адчувал ася асаблівага шкадавання.

— Няўжо жаданне займаць гэты трон можа быць вышэй за жаданне адчуваць сябе сапраўднай жанчынай — прыгожа апранацца, фарбаваць вусны? — задумліва прамовіла Карына.

— Замаўчы! — усклікнула Вірынея.— Я ўжо забылася, што такое фарбаваць вусны. I калі б не ты!.. Гавары, што цябе сюды прывяло?.. Чысцюлька!..

— Я ж ужо казала,— уздыхнула Карына,— што шукаю двух жыхароў Вашай краіны. Яны ўкралі...

— Усё ясна,— не даслухаўшы, перабіла Карыну Вірынея,— украсці маглі толькі Фірс і Мітрох. Ніхто іншы з лясонаў пальцам не паварушыць, каб падняць тое, што нехта згубіў, а залезці ў чужую кішэню тым больш. Дык што яны ў цябе ўкралі?

— У мяне — нічога,— пакруціла галавой Карына.

— Як нічога? — не зразумела Вірынея.— Навошта ж ты тады нагаворваеш на сумленных лясонаў?

— Я не нагаворваю,— пакрыўджана сказала Карына.— Яны ўкралі не ў мяне, а... у аднаго майго сябра, які жыве ў Далініі.

— А, у Далініі! — пагардліва прамовіла Вірынея.— Я не магу несці адказнасць за тое, што адбываецца ў Далініі.

— Але ж укралі лясоны! — нагадала Карына.

— Хто ўкраў, мяне не цікавіць, таму што гэта было на тэрыторыі іншай краіны,— упарта паўтарыла Вірынея.

— Але ж гэта несправядліва,— заўважыла Карына.

— Якраз такі і справядліва,— запярэчыла Вірынея.— Што я буду мець з таго, што загадаю вярнуць нейкаму далінцу яго рэч? А можа, ён сам згубіў яе? Можа, яна вывалілася з яго кішэні? Хто дакажа, што яе ўкралі?

— Яна не магла вываліцца з кішэні,— пасля кароткай паузы сумна адказала Карына.— Гэта быў посах.

— Які посах? — насцярожылася Вірынея.

— Упрыгожаны залатымі каменьчыкамі.

Апошнія словы Карына прамовіла так, быццам гаворка ішла пра звычайныя каменьчыкі, якія валяюцца на дарозе.

Але, пачуўшы пра золата, Вірынея захвалявалася і заёрзала на троне.

— Так і быць,— сказала яна,— я загадаю прывесці сюды гэтых двух злодзеяў, а пасля падумаю, што рабіць з украдзеным посахам.

I Валадарка затрэсла званочкам, які вісеў на тоненькай нітцы над яе тронам. Яна трэсла доўга, у Карыны аж зазвінела ў вушах. Нарэшце Вірынея адпусціла званочак і заплюшчыла вочы, быццам сабралася падрамаць.

— Па-мойму, Вас не пачулі,— крыху счакаўшы, нясмела заўважыла Карына.

— Пачулі,— абыякава адказала Вірынея.— Але пакуль гэтыя гультаі расчухаюцца, пройдзе хвілін дзесяць.

I праўда, толькі хвілін праз дзесяць расчыніліся дзверы бакавога пакоя, і ў троннай зале з'явіліся двое заспаных слуг у паношаных камізэльках у цёмна-зялёныя пасачкі і чорных штанах, якія наўрад ці калі прасавалі. Моўчкі пакланіўшыся Вірынеі, слугі сталі чакаць яе загаду.