Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 17
Алесь Бадак
Карына ўвайшла ў палац і апынулася ў вялікай люстэркавай зале. Па праўдзе кажучы, палацы ёй уяўляліся іншымі. У іх усё павінна зіхацець золатам і срэбрам, на сценах і на столі павінна гарэць шмат свечак. I, вядома ж, зірнуўшы на падлогу, пад ногі, дзяўчынка павінна была б убачыць сваё адлюстраванне.
У зале ж пахла сырасцю і стаяў паўзмрок, бо ўсе аканіцы аказаліся нагл уха зачыненымі, і святло трапляла толькі праз дзірку ў даху. На люстэрках, якія віселі на сценах, ляжаў такі вялікі пласт пылу, што глядзецца ў іх не мела ніякага сэнсу.
"Не можа быць, каб у гэтым змрочным палацы жыла Валадарка краіны,— падумала дзяўчынка.— Пэўна, ёй пабудавалі новы. А што рабіць з гэтым будынкам, пакуль не вырашылі. I, напэўна, ён хутчэй зусім разваліцца, чым яны вырашаць",— уздыхнула яна, успомніўшы пра Ора — несусветнага гультая.
З люстэркавай залы Карына перайшла ў іншую, такую ж прасторную і змрочную,— святло ў яе трапляла праз ледзь прыадчыненыя аканіцы.
Дзяўчынка чакала, што і тут будзе пуста і бязлюдна. Аднак яна памылілася. Пасярод залы стаяў вялікі трон, на якім спала маленькая жанчына. Але што за выгляд быў у яе! Даўно нячэсаныя і нямытыя валасы збіліся ў каўтуны, твар перапэцканы, на руках доўгія недагледжаныя пазногці. Адзенне — кароткая, у тлустых плямах спаднічка і некалі белая, а цяпер брудна-шэрая кофтачка,— відаць, даўно не мянялася і не мылася.
"Няўжо яна і ёсць Валадарка краіны Лясоніі?" — падумала Карына, са здзіўленнем разглядаючы жанчыну.
Але даведацца гэта можна было, толькі разбудзіўшы яе.
— Добры дзень, Ваша Вялікасць,— не вельмі гучна, каб не напалохаць соню, сказала Карына.— Прабачце, што патрывожыла Вас.
Жанчына паволі расплюшчыла вочы і недаўменна ўтаропілася ў дзяўчынку.
— Хто ты і як пасмела разбудзіць мяне? — сонным, незадаволеным голасам спытала яна.
— Я шукаю двух жыхароў Вашай краіны, якія...— пачала тлумачыць Карына, але Вірынея (цяпер дзяўчынка ўжо не сумнявалася, хто перад ёй) перабіла яе, адначасова пазяхаючы і пры гэтым нават не прыкрываючы рукою рот:
— Якая на табе прыгожая сукенка! Калі яе парэзаць, якраз хопіць матэрыялу на дзве сукенкі для мяне.
— А ў чым жа, па-вашаму, тады буду хадзіць я? — не вельмі ветліва спытала Карына.
— А ты можаш утачыць маю вопратку. У мяне яе процьма.
— Вось ужо чаго мне дакладна не хочацца, дык гэта ўточваць і насіць Ваша адзенне,— зусім асмялела Карына.
— Як? Ты не хочаш насіць тое, што насіла я, Вірынея? — здзіўлена і ў той жа час пагрозліва спытала Валадарка Лясоніі.
— Не хачу,— пакруціла галавой Карына.— Яно бруднае!
— Ну і што? — паціснула плячыма Вірынея.— Любое адзенне становіцца брудным, калі яго доўга не мыць.
— I Вам, жанчыне, пра гэта не сорамна гаварыць? — не вытрымала Карына.
Сказаўшы так, яна падумала, што Вірынея раскрычыцца і пачне пагражаць турмою, а можа яшчэ горшымі страхоццямі ("Ну, мы яшчэ паглядзім, ці так проста будзе выканаць гэтыя пагрозы!" — абнадзеіла сябе дзяўчынка, узгадаўшы, што ў Лясоніі з-за гультайства нічога не робіцца хутка і талкова), аднак Вірынея цяжка ўздыхнула і нечакана прызналася: