Читать «Населены востраў» онлайн - страница 8

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Максім пасядзеў ля вогнішча, пагрэўся, гледзячы на ​​агонь, потым падняўся і зайшоў у хату. Уласна, ад хаты засталася толькі каменная каробка. Скрозь праламаныя бэлькі над галавой сьвятлела ранішняе неба, на гнілыя дошкі падлогі было страшна ступіць, а па кутах расьлі гронкі малінавых грыбоў — атрутных, але калі іх як сьлед прасмажыць, цалкам прыдатных для ўжываньня. Зрэшты, думка пра ежу адразу зьнікла, калі Максім разглядзеў у хатняй цемры ля сьцяны чыесьці косткі ўперамешку з выцьвілымі лахманамі. Яму стала непрыемна, ён павярнуўся, спусьціўся па разбураных прыступках і, склаўшы далоні рупарам, закрычаў на ўвесь лес: «Э-ге-гэй, шасьціпалыя!» Рэха амаль імгненна ўгразла ў тумане паміж дрэвамі, ніхто не адгукнуўся, толькі злосна і ўсхвалявана зацокалі нейкія птушкі над галавой.

Максім вярнуўся да вогнішча, падкінуў у агонь галінак і зазірнуў у кацялок. Варыва кіпела. Ён паглядзеў па баках, знайшоў нешта накшталт лыжкі, панюхаў яе, выцер травой і зноў панюхаў. Потым ён асьцярожна зьняў шэраваты накіп і строс яго на вугольле. Памяшаў варыва, зачэрпнуў з краю, падзьмуў і, выцягнуўшы губы, паспрабаваў. Выявілася няблага, нешта накшталт поліўкі зь печані тахорга, толькі вастрэй. Максім адклаў лыжку, беражліва, дзьвюма рукамі зьняў кацялок і паставіў на траву. Потым ён зноў агледзеўся і сказаў голасна: «Сьняданак гатовы!» Яго не пакідала адчуваньне, што гаспадары дзесьці побач, але бачыў ён толькі нерухомыя, мокрыя ад туману кусты, чорныя каржакаватыя ствалы дрэў, а чуў толькі трэск вогнішча ды хапатлівую птушыную пераклічку.

— Ну, добра, — сказаў ён услых. — Вы як хочаце, а я пачынаю кантакт.

Ён вельмі хутка ўвайшоў у густ. Ці то лыжка была вялікая, ці то дрымучыя інстынкты разгуляліся ня ў меру, але ён і азірнуцца не пасьпеў, як высербаў траціну кацялка. Тады ён са шкадаваньнем адсунуўся, пасядзеў, прыслухоўваючыся да смакавых адчуваньняў, старанна выцер лыжку, але не ўтрымаўся і яшчэ раз зачэрпнуў, з самога дна, гэтых апэтытных карычневых лустачак, якія раставалі ў роце і нагадвалі трэпангаў, зусім адсунуўся, зноў выцер лыжку і паклаў яе ўпоперак кацялка. Цяпер быў самы час здаволіць пачуцьцё падзякі.

Ён ускочыў, выбраў некалькі тонкіх пруткоў і адправіўся ў хату. Асьцярожна ступаючы па старых дошках і імкнучыся не азірацца на рэшткі ў цені, ён пачаў зрываць грыбы і нанізваць на пруток малінавыя капялюшыкі, выбіраючы наймацнейшыя. Вас бы пасаліць, думаў ён, ды паперчыць трохі, але нічога, для першага кантакту сыдзе і так. Мы вас павесім над агеньчыкам, і ўся актыўная арганіка выйдзе з вас парай, і станеце вы — аб’ядзеньне, і станеце вы першым маім унёскам у культуру гэтага населенага вострава, а другім будуць пазытронныя эмітары...

І раптам у хаце стала ледзь-ледзь цямней, і ён адразу ж адчуў, што на яго глядзяць. Ён своечасова здушыў у сабе жаданьне рэзка павярнуцца, палічыў да дзесяці, павольна падняўся і нетаропка, загадзя ўсьміхаючыся, павярнуў галаву.