Читать «Населены востраў» онлайн - страница 7

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Некаторы час ён ішоў вельмі хутка, глыбока дыхаючы, вызваляючы лёгкія ад выпарэньняў жалезнага гіпапатама, а затым зноў перайшоў на паходны крок. Ён думаў пра тое, што ўбачыў за першыя дзьве гадзіны жыцьця на сваім населеным востраве, і спрабаваў скласьці ўсе гэтыя нязгоднасьці і выпадковасьці ў нешта лягічна несупярэчнае. Аднак гэта было занадта цяжка. Карціна атрымлівалася казачнай, а не рэальнай. Казачным быў гэты лес, набіты старым жалезам, казачныя істоты пераклікаліся ў ім амаль чалавечымі галасамі; як у казцы, старая закінутая дарога вяла да зачараванага замку, і нябачныя злыя чараўнікі намагаліся перашкодзіць чалавеку, які трапіў у гэтую краіну. На далёкіх подступах яны закідалі яго мэтэарытамі, нічога не атрымалася, і тады яны спалілі карабель, злавілі мяне ў пастку, а потым нацкавалі на мяне жалезнага цмока. Цмок, аднак апынуўся занадта стары і дурны, і яны, напэўна, ужо зразумелі сваю прамашку і рыхтуюць цяпер што-небудзь пасучасьней...

Паслухайце, сказаў ім Максім. Я ж не зьбіраюся вызваляць ад чараў замкаў і будзіць вашых летаргічных прыгажунь, я хачу толькі сустрэцца з кім небудзь з вас, хто разумнейшы, хто дапаможа мне з пазытронным эмітарам...

Але злыя чараўнікі гнулі сваё. Спачатку яны паклалі ўпоперак шашы велізарнае гнілое дрэва, затым разбурылі бэтоннае пакрыцьцё, вырылі ў зямлі вялікую яму і напоўнілі яе тухлай радыёактыўнай жыжкай, а калі і гэта не дапамагло, калі машкара прытамілася кусаць і расчаравана адстала, ужо ранкам, выпусьцілі зь лесу халодны злы туман. Ад туману Максіму стала зябка, і ён кінуўся бягом, каб сагрэцца. Туман быў ліпкі, масьляністы і папахваў мокрым мэталам і тленьнем, але неўзабаве запахла дымам, і Максім зразумеў, што дзесьці непадалёк гарыць жывы агонь.

Займаўся сьвітанак, неба засьвяцілася ранішняй шэрасьцю, калі Максім убачыў у баку ад дарогі вогнішча і невысокую камяніцу з праваленай страхой, з пустымі чорнымі вокнамі, старую, зарослую мохам. Людзей бачна не было, але Максім адчуваў, што яны недзе непадалёк, што яны нядаўна былі тут і мабыць хутка вернуцца. Ён зьвярнуў з шашы, пераскочыў прыдарожную канаву і, патанаючы па шчыкалатку ў гнілым лісьці, наблізіўся да вогнішча.

Вогнішча сустрэла яго добрым першабытным цяплом, якое прыемна растрывожыла дрымучыя інстынкты. Тут усё было проста. Можна было, не вітаючыся, прысесьці на кукішкі, працягнуць рукі да агню і моўчкі чакаць, пакуль гаспадар, гэтак жа моўчкі, падасьць гарачы кавалак і гарачы куфаль. Гаспадара, праўда, не было, але над вогнішчам вісеў закапцелы кацялок з востра пахнучым варывам, паводаль валяліся два нейкіх балахоны з грубай матэрыі, брудны паўпусты мех зь лямкамі, велізарныя куфлі зь мятай бляхі і яшчэ нейкія жалезныя прадмэты незразумелага прызначэньня.