Читать «Населены востраў» онлайн

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Аркадзій і Барыс Стругацкія

НАСЕЛЕНЫ ВОСТРАЎ

Ад перакладчыка

Браты Стругацкія заўсёды былі аднымі з найулюбёнейшых маіх пісьменьнікаў — большасьць іх твораў я ўпершыню прачытаў ужо даволі даўно. Аднак, да «Населенага вострава» давялося дабрацца толькі ў канцы 2016 году. Чаму я не прачытаў яго раней, дакладна ўжо ня памятаю — магчыма, неяк паўплывала ня самая ўдачная экранізацыя кнігі, што выйшла ў 2008 годзе. Тым ня менш, калі я да гэтага твору ўрэшце рэшт дабраўся, ён хутка і моцна мяне захапіў, прычым ня толькі вельмі блізкай тэмай касьмічных падарожжаў у іншыя сьветы, і ня толькі сваім дынамічным сюжэтам. Кніга таксама захапіла актуальнасьцю рэчаў, якія яна апісвае — кантроль на сьвядомасьцю масаў, падман, ваяўнічая палітыка пад соўсам патрыятызму, пошук унутраных ворагаў, што нібыта вінаватыя ва ўсіх праблемах — гэта вельмі нешта нагадвае, і шматлікія цытаты з кнігі можна хоць зараз прыстасаваць да сучасных рэаліяў.

Ідэя перакласьці раман на беларускую мову зьявілася вельмі нечакана. Выявілася, што ня толькі «Населены востраў», але й Стругацкіх увогуле ніхто на яе ніколі не перакладаў, і мне чамусьці падалося, што зрабіць гэта будзе няцяжка. Наконт гэтага я трохі памыліўся — як выявілася, пераклад кнігі гэта не настолькі лёгкая і прыемная праца, як здавалася напачатку. Зрэшты, ужо пачаўшы, спыняцца не хацелася. Займаючыся перакладаньнем і вычыткай амаль штодня, я здолеў скончыць праект за тры месяцы.

Як можа заўважыць чытач, гэты беларускі пераклад напісаны клясычным правапісам — я выбраў яго таму, што мне, як чалавеку, які вывучаў беларускую мову ня ў школе, а ў інтэрнэце, карыстацца ім было лягчэй. Але, думаю, гэта не перашкодзіць вам атрымаць задавальненьне ад чытаньня клясыкаў рускай навуковай фантастыкі на беларускай мове.

Белгарад, Расея

сьнежань 2016 — сакавік 2017

Населены востраў

Частка першая. Рабінзон

1

Максім прыадчыніў люк, высунуўся, спалохана паглядзеў на неба. Неба тут было нізкае і нейкае цьвёрдае, бяз гэтай легкадумнай празрыстасьці, якая намякала бы на бяздоннасьць космасу і множнасьць населеных сусьветаў, — сапраўдная біблейская цьвердзь, ​​гладкая і непранікальная. Цьвердзь гэтая несумненна абапіралася на магутныя плечы мясцовага Атлянта і раўнамерна фасфарасцыравала. Максім пашукаў у зэніце дзірку, прабітую караблём, але дзіркі там не было — там расплываліся толькі дзьве вялікія чорныя кляксы, нібы кроплі тушы ў вадзе. Максім адчыніў люк насьцеж і саскочыў у высокую сухую траву. Паветра было гарачае і густое, пахла пылам, старым жалезам, расьціснутай зелянінай, жыцьцём. Сьмерцю таксама пахла, даўняй і незразумелай. Трава была па пояс, непадалёк цямнелі зарасьнікі, тырчалі сяк-так маркотныя крываватыя дрэвы. Было амаль сьветла, як у яркую месяцовую ноч на Зямлі, але не было месяцовага туманнага блакіту, усё было шэрае, пыльнае, плоскае. Карабель стаяў на дне велізарнай катлавіны з пакатымі схіламі; мясцовасьць вакол прыметна падымалася да размытага невыразнага гарызонту, і гэта было дзіўна, бо дзесьці побач цякла рака, вялікая і спакойная, цякла на захад, дагары па схіле катлавіны.