Читать «Населены востраў» онлайн - страница 202

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ён гнаў па прамой аўтастрадзе, там, дзе паўгады таму Фанк вёз яго на сваім раскошным лімузыне ў абгон бясконцае калёны браневікоў, імчаў, каб перадаць з рук у рукі Вандроўніку... і цяпер зразумела — навошта... Няўжо ён ужо тады ведаў, што я нэйтральны да выпраменьваньня, што я нічога не разумею і мною можна круціць, як заўгодна? Значыць, ведаў, Вандроўнік, ведаў, кляты. І значыць, гэта сапраўды д’ябал, найстрашнейшы чалавек у краіне і, можа быць, на плянэце. «Ён ведае ўсё», — сказаў дзяржаўны пракурор, баязьліва азіраючыся праз плячо... Не, ня ўсё. Ты абставіў Вандроўніка, Мак. Ты выйграў у д’ябла. І цяпер трэба яго дабіць, пакуль ня позна, пакуль ён яшчэ не ачухаўся, а можа быць, яго ўжо дабілі — прама каля брамы ягонага ўласнага логава... Вох, ня веру, ня веру, не па плячы гэта хлопцам, у Пухіра было дваццаць чатыры сваякі з кулямётамі... Масаракш! Так, я ня ведаю, як робяцца рэвалюцыі. Я нічога не падрыхтаваў, каб захапіць тэлеграф, тэлефон, масты ў першую галаву, у мяне амаль няма людзей, шараговыя падпольшчыкі мяне ня ведаюць, а штаб будзе супраць мяне... я не пасьпеў нават паведаміць Генэралу на катаргу, каб ён быў гатовы падняць палітычных і гнаць іх эшалёнам сюды. Але што б там ні здарылася, з Вандроўнікам я мушу скончыць. Здолець пакончыць з Вандроўнікам і здолець пратрымацца некалькі гадзін, пакуль армію і Гвардыю ня зваліць прамянёвае галаданьне. Ніхто ж зь іх ня ведае пра прамянёвае галаданьне, нават Вандроўнік, напэўна, ня ведае, адкуль яму ведаць, бо ж ва ўсёй краіне толькі я вывозіў беднага Гая за межы прамянёвага поля...

На шашы было поўна машын. Усе яны стаялі так-сяк — упоперак, наўскасяк, заваліўшыся ў кюветы. Раздаўленыя дэпрэсіяй кіроўцы і пасажыры сядзелі, зажурыўшыся, на падножках, бясьсільна зьвісалі зь сядзеньняў, валяліся ля бакавін. Усё гэта перашкаджала, увесь час даводзілася прытарможваць, абгінаць, аб’яжджаць, і Максім не адразу заўважыў, што насустрач яму, з боку гораду, таксама агінаючы і аб’яжджаючы, але амаль не прытарможваючы, рухаецца плоскі, ярка-жоўты ўрадавы аўтамабіль.