Читать «Населены востраў» онлайн - страница 204

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Дурань...

Сапляк...

Дурань...

Сапляк...

Потым з шэрай гулкай пустэчы данёсься голас Вепрука:

— Адыдзіце-ка, Мак, у мяне пісталет.

Максім, ня гледзячы, злавіў яго за руку.

Вандроўнік зь цяжкасьцю сеў, усё яшчэ трымаючыся за жывот.

— С-сапляк... — прашыпеў ён зь цяжкасьцю. — Ня стойце як слуп... шукайце машыну, жвава, жвава... Ды ня стойце ж, паварочвайцеся!

Максім тупа агледзеўся. Шаша ажывала. Цэнтру больш не было, ён ператварыўся ў лужыну расплаўленага мэталу, у пару, у смурод, вежы больш не працавалі, лялькі перасталі быць лялькамі. Ашаломленыя людзі, прыходзячы ў сябе, хмурна азіраліся, тапталіся каля сваіх машын, спрабуючы ўцяміць, што зь імі адбылося, як яны сюды трапілі, што рабіць далей.

— Хто вы такі? — спытаў Вяпрук.

— Ня вашая справа, — сказаў Вандроўнік па-нямецку. Яму было балюча, ён крахтаў і задыхаўся.

— Не разумею, — сказаў Вяпрук, прыўздымаючы ствол пісталета.

— Камэрэр... — паклікаў Вандроўнік. — Заткніце глотку свайму тэрарысту... і шукайце машыну...

— Якую машыну... — сказаў Максім тупа і бездапаможна.

— Масаракш... — пракрахтаў Вандроўнік. Ён сяк-так падняўся, усё яшчэ горбячыся, прыціскаючы далонь да жывата, няпэўнымі крокамі падышоў да Максімавага аўтамабільчыка і пралез унутр. — Сядайце... хутка! — сказаў ён ужо з-за руля. Потым ён азірнуўся цераз плячо на афарбаваны полымем слуп дыму. — Што вы туды падкінулі? — спытаў ён безнадзейна.

— Тэрмічную бомбу.

— У склеп або ў вэстыбюль?

— У склеп, — сказаў Максім.

Вандроўнік застагнаў, пасядзеў трохі, адкінуўшы галаву, потым уключыў рухавік. Машына затрэслася і забражджала.

— Ды сядайце ж вы, нарэшце! — закрычаў ён.

— Хто гэта такі? — спытаў Вяпрук. — Ханціец?

Максім паматаў галавой, рыўком адкрыў заднія заклінаваныя дзьверцы і сказаў яму:

— Залазьце.

Сам ён абышоў машыну і сеў побач з Вандроўнікам. Аўтамабіль тузануўся, у ім нешта завішчала, трэснула, але ён ужо каціўся па шашы, недарэчна віхляючы, бразгочучы незачыненымі цалкам дзьверцамі і гучна страляючы глушыцелем.

— Што вы цяпер намерваецеся рабіць? — спытаў Вандроўнік.

— Чакайце... — папрасіў Максім. — Скажыце хоць, хто вы такі?

— Я — работнік Галяктычнай бясьпекі, — сказаў Вандроўнік з горыччу. — Я сяджу тут ужо пяць гадоў. Мы рыхтуем выратаваньне гэтай няшчаснай плянэты. Старанна, беражліва, з улікам усіх магчымых наступстваў. Усіх, разумееце?... А вось хто вы такі? Хто вы такі, што лезеце не ў сваю справу, блытаеце нам карты, падрываеце, страляеце, — хто вы такі?

— Я ня ведаў... — вымавіў Максім запалым голасам. — Адкуль мне было ведаць?...

— Так, вядома, вы нічога ня ведалі. Але ж вы ведалі, што самадзейнае ўмяшаньне забароненае, вы ж работнік ГВП... Павінныя былі ведаць... На Зямлі маці па ім з розуму выбіваецца... Дзяўчыны нейкія тэлефануюць бесьперапынна... бацька працу закінуў... Што вы намерваліся рабіць далей?

— Я меўся застрэліць вас, — сказаў Максім.

— Што-о-о?

Машына вільнула.

— Так, — пакорна сказаў Максім. — А што мне было рабіць? Мне сказалі, што вы тут галоўны нягоднік, і... — ён усьміхнуўся, — і ў гэта няцяжка было паверыць...