Читать «Населены востраў» онлайн - страница 200

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

У тунэлі за вуглом ударылі ў цемру аўтаматы. Дазваляецца. Не пярэчу... Ён нахіліўся над разьмеркавальнай прыладай, асьцярожна зьняў кажух і зашпурнуў у кут. М-так, вельмі прымітыўная штука. Добра, што я ўцяміў падчытаць сёе-тое па тутэйшай электроніцы... Ён запусьціў пальцы ў схему... А калі б ня ўцяміў? А калі б Вандроўнік прыехаў заўчора? Н-так, панства маё... Масаракш, як токам б’ецца!... Так, панства маё, апынуўся б я ў становішчы эмбрыёмэханіка, якому трэба тэрмінова разабрацца... нават ня ведаю, у чым... У паравым катле? Разабраўся б эмбрыёмэханік... У вярблюджай збруі?... Так, у вярблюджай збруі! А? Ну, як, эмбрыёмэханік, — разабраўся б? Наўрад ці... Масаракш, ды што ў іх тут усё без ізаляцыі?... Ага, вось ты дзе... Ну, з богам, як кажа пан дзяржаўны пракурор!

Ён сеў проста на падлогу перад разьмеркавальнікам і тыльным бокам рукі выцер лоб. Справа была зробленая. Велізарнай сілы ўдар дэпрэсыйнага поля абрынуўся на ўсю краіну — ад Зарэчча да ханційскай мяжы, ад акіяну да алебастравага хрыбта.

Аўтаматы за вуглом перасталі страляць. Паны афіцэры былі ў дэпрэсіі. Зараз я пагляджу, што гэта такое: паны афіцэры ў дэпрэсіі.

Пан пракурор упершыню ў жыцьці ўзрадаваўся прамянёваму ўдару. Не жадаю глядзець на гэтага тыпа.

Невядомыя Айцы, так і не пасьпеўшы разабрацца і ўцяміць, курчацца ад болю, адкінуўшы капыты, як гаворваў ротмістр Чачу. Ротмістр Чачу, дарэчы, таксама ў глыбокай дэпрэсіі, і думка пра гэта мяне захапляе.

Зэф з хлопцамі таксама ляжаць, адкінуўшы капыты. Прабачце, хлопцы, але так трэба.

Вандроўнік! Як гэта здорава: страшны Вандроўнік таксама ляжыць, адкінуўшы капыты, разаслаўшы па падлозе свае вялізныя вушы — найвелізарнейшыя вушы ва ўсёй краіне. Зрэшты, можа быць, яго ўжо застрэлілі. Гэта было б яшчэ лепш.

Рада, мая маленькая бедная Рада, ляжыць у дэпрэсіі. Нічога, дзяўчынка, гэта, напэўна, не балюча і наогул хутка скончыцца...