Читать «Населены востраў» онлайн - страница 196

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ён уключыў радыё. Скрозь бадзёры марш наўмысна хрыплы дыктар крычаў:

— ...яшчэ і яшчэ раз прадэманстраваная перад усім сьветам бясконцая мудрасьць Невядомых Айцоў — зараз гэта ваенная мудрасьць! Быццам зноў ажыў стратэгічны геній Габэлу і Жалезнага Ваяўніка! Быццам зноў узьняліся слаўныя цені нашых ваяўнічых непераможных продкаў і рвануліся ў бой на чале нашых танкавых калёнаў! Ханційскія правакатары і распальвальнікі канфліктаў зазналі такую паразу, што ніколі ўжо адгэтуль не адважацца сунуць нос праз свае межы, ніколі больш не паквапяцца на нашу сьвятую зямлю! Шматтысячныя армады бамбавозаў, ракет, кіруемых снарадаў кінулі ханційскія гора-ваякі на нашыя гарады, але і тут перамагла не стратэгія тупой сілы і драпежнага напору, а мудрая стратэгія найтанчэйшага разьліку і штосэкунднай гатоўнасьці да адбіцьця ворага, не, нездарма мы цярпелі нягоды, аддавалі апошнія грошы на ўмацаваньне абараназдольнасьці, на стварэньне непранікальнага панцыра процібалістычнай абароны! «Наша сыстэма ПБА ня мае роўных у сьвеце», — заявіў усяго толькі паўгады таму фэльдмаршал у адстаўцы, кавалер двух Залатых Сьцягоў Іза Пэтроцу. Стары ваяка, ты меў рацыю. Ніводная бомба, ніводная ракета, ніводны снарад ня ўпалі на сьвятую зямлю Краіны Айцоў! «Неадольна сетка сталёвых вежаў — гэта ня толькі наш несакрушальны шчыт, гэта сымбал генія і нечалавечай праніклівасьці тых, каму мы абавязаныя ўсім — нашых Невядомых Айцоў», — піша ў сёньняшнім нумары...

Максім выключыў радыё. Так, вайна, здаецца скончылася. Зрэшты, хто ведае, што яны яшчэ там рыхтуюць... Максім зьвярнуў з цэнтральнай вуліцы ў вузкі завулак паміж двума гіганцкімі хмарачосамі ружовага каменя і па бруку, паўз доўгую чаргу ў хлебную лаўку, падкаціў да трухлявага счарнелага доміка. Вяпрук ужо чакаў, пакурваючы цыгарэту, прыхіліўшыся сьпіной да ліхтарнага слупа. Калі машына спынілася, ён кінуў недакурак і, праціснуўшыся праз маленькія дзьверцы, сеў побач з Максімам. Ён быў спакойны і халодны, як заўсёды.

— Добры дзень, Мак, — сказаў ён. — Што здарылася?

Максім разьвярнуў машыну і зноў выехаў на галоўную вуліцу.

— Што такое тэрмічная бомба — ведаеце? — спытаў ён.

— Чуў, — адказаў Вяпрук.

— Добра. З сынхроннымі запаламі мелі калі-небудзь справу?

— Учора, напрыклад, — сказаў Вяпрук.

— Выдатна.

Некаторы час яны ехалі моўчкі. Тут быў вялікі рух, і Максім адключыўся, засяродзіўшыся на тым, каб прарвацца, прабіцца, праціснуцца паміж вялізнымі грузавікамі і старымі сьмярдзючымі аўтобусамі, і нікога не зачапіць, і ня даць нікому зачапіць сябе, і трапіць пад зялёнае сьвятло, а потым зноў трапіць пад зялёнае сьвятло, не губляць хаця бы тую нікчэмную хуткасьць, якую яны мелі, і, нарэшце, іх аўтамабільчык вырваўся на Лясную шашу, на знаёмую аўтастраду, абсаджаную велізарнымі разгалістымі дрэвамі.

Забаўна, падумаў раптам Максім. Па гэтай самай дарозе я заяжджаў у гэты сьвет, дакладней, мяне ўвозіў небарака Фанк, а я нічога ня цяміў і думаў, што ён — спэцыяліст па прышэльцах. А зараз па гэтай жа дарозе я, магчыма, выяжджаю з гэтага сьвету, і са сьвету наогул, ды яшчэ выводжу з сабой добрага чалавека... Ён пакасіўся на Вепрука. Твар Вепрука быў цалкам спакойным, ён сядзеў, выставіўшы локаць пратэза ў акно, і чакаў, калі яму растлумачаць. Можа быць, ён зьдзіўляўся, можа быць, хваляваўся, але гэта не было прыметна, і Максім адчуў гонар, што такі чалавек давярае яму і пакладаецца на яго без аглядкі.