Читать «Населены востраў» онлайн - страница 194

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Потым Мак спытаў:

— Колькі ў мяне шанцаў застацца ў жывых пры захопе Цэнтру?

— Пяцьдзесят на пяцьдзесят, — сказаў пракурор. Дакладней, гэта яму здалося, што ён сказаў, бо Мак ссунуў бровы і зноў ужо гучней паўтарыў сваё пытаньне.

— Пяцьдзесят на пяцьдзесят, — хрыпла сказаў пракурор. — Можа быць, нават больш. Ня ведаю.

Мак зноў доўга маўчаў.

— Добра, — сказаў ён нарэшце. — Дзе знаходзіцца Цэнтр?

19

Каля полудня прагучаў тэлефонны званок. Максім узяў навушнік. Голас пракурора сказаў:

— Прашу пана Сіма.

— Я слухаю, — адгукнуўся Максім. — Добры дзень.

Ён адразу адчуў, што здарылася нядобрае.

— Ён прыехаў, — сказаў пракурор. — Пачынайце неадкладна. Гэта магчыма?

— Так, — сказаў Максім скрозь зубы. — Але вы мне сёе-тое абяцалі...

— Я нічога не пасьпеў, — сказаў пракурор. У голасе яго прарвалася панічная нотка. — І зараз ужо не пасьпець. Пачынайце неадкладна, зараз жа, нельга чакаць ні хвіліны! Вы чуеце, Мак?

— Добра, — сказаў Максім. — У вас усё?

— Ён едзе да вас. Ён будзе ў вас праз трыццаць-сорак хвілін.

— Зразумеў. Зараз усё?

— Усё. Давайце, Мак, давайце. З богам!

Максім кінуў навушнік і некалькі сэкундаў пасядзеў, кемячы. Масаракш, усё ляціць кулём... Зрэшты, падумаць я яшчэ пасьпею... Ён зноў схапіў навушнік.

— Прафэсара Алу Зэфа.

— Так! — раўнуў Зэф.

— Гэта Мак...

— Масаракш, я ж прасіў не прыставаць да мяне сёньня...

— Заткніся й слухай. Неадкладна спускайся ў хол і чакай мяне...

— Масаракш, я заняты!

Максім скрыгатнуў зубамі і пакасіўся на лябаранта. Лябарант рупліва лічыў на арытмомэтры.

— Зэф, — сказаў Максім. — Зараз жа спускайся ў хол. Табе зразумела. Неадкладна! — Ён адключыўся і набраў нумар Вепрука. Яму пашанцавала: Вяпрук аказаўся дома. — Гэта Мак. Выходзьце на вуліцу і чакайце мяне, ёсьць тэрміновая справа.

— Добра, — сказаў Вяпрук. — Іду.

Кінуўшы навушнік, Максім палез у стол, выцягнуў першую-лепшую тэчку і перагартаў паперы, ліхаманкава цямячы, ці ўсё гатова. Машына ў гаражы, бомба ў багажніку, гаручага поўны бак... зброі няма, і чорт зь ёй, ня трэба зброі... дакумэнты ў кішэні, Вяпрук чакае... гэта я маладзец, добра прыдумаў пра Вепрука... праўда, ён можа адмовіцца... не, наўрад ці ён адмовіцца, я б не адмовіўся... Усё. Здаецца, усё... Ён сказаў лябаранту:

— Мяне выклікаюць, кажы, што я ў Дэпартамэнце будаўніцтва. Буду праз гадзіну-дзьве. Пакуль.

Ён узяў тэчку пад паху, выйшаў зь лябараторыі і зьбег па сходах. Зэф ужо расхаджваў па холе. Убачыўшы Максіма, ён спыніўся, заклаў рукі за сьпіну і набычыўся.

— Якога д’ябла, масаракш... — пачаў ён яшчэ здалёк.

Максім, не затрымліваючыся, схапіў яго пад руку і пацягнуў да выхаду. «Што за д’ябальшчына? — мармытаў Зэф, упіраючыся. — Куды? Навошта?...» Максім выштурхнуў яго за дзьверы і па асфальтавай дарожцы павалок за вугал да гаражоў. Вакол было пуста, толькі на газоне ўдалечыні лескатала травакасілка.

— Ды куды ты мяне, у рэшце рэшт, цягнеш? — закрычаў Зэф.

— Маўчы, — сказаў Максім. — Слухай. Зьбяры неадкладна ўсіх нашых. Усіх, каго зловіш... Да д’ябла пытаньні. Слухай! Усіх, каго зловіш. Са зброяй. Насупраць варот ёсьць павільён, ведаеш?... Засядзьце там. Чакайце. Прыкладна праз трыццаць хвілін... Ты мяне слухаеш, Зэф?