Читать «Населены востраў» онлайн - страница 198

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Нічога, — спакойна сказаў Вяпрук. — Я разьвітаўся. Я заўсёды разьвітваюся, калі сыходжу з дому... Вось гэта, значыць, і ёсьць Цэнтр? Хто б мог падумаць... Усе ведаюць, што тут тэлецэнтр і радыёцэнтр, а тут, аказваецца, яшчэ і проста Цэнтр...

Максім спыніўся на стаянцы, уціснуўшыся паміж старой малалітражкай і раскошным урадавым лімузынам.

— Ну, усё, — сказаў ён. — Пажадайце мне ўдачы.

— Ад усяе душы... — сказаў Вяпрук. Голас ягоны асёкся, і ён закашляўся. — Усё-ткі я дажыў да гэтага дня, — прамармытаў ён.

Максім паклаў шчаку на руль.

— Добра было б гэты дзень перажыць... — сказаў ён. — Добра было б убачыць вечар... — Вяпрук паглядзеў на яго з трывогай. — Неахвота ісьці, — патлумачыў Максім. — Вох, неахвота... Дарэчы, Вяпрук, майце на ўвазе і распавядзіце сваім сябрам. Вы жывяце не на ўнутранай паверхні шару. Вы жывяце на зьнешняй паверхні шару. І такіх шароў яшчэ мноства ў сьвеце, на некаторых жывуць значна горш за вас, а на некаторых — значна лепш за вас. Але нідзе больш не жывуць дурней... Ня верыце? Ну і чорт з вамі. Я пайшоў.

Ён расчыніў дзьверцы і вылез вонкі. Ён прайшоў па асфальтаванай стаянцы і стаў падымацца па каменных сходах, прыступка за прыступкай, намацваючы ў кішэні ўваходны пропуск, які зрабіў для яго пракурор, і ўнутраны пропуск, які зрабіў для яго пракурор, і простую ружовую кардонку, што адлюстроўвала пропуск, які пракурор так і ня здолеў ані зрабіць, ані ўкрасьці для яго. Было горача, неба блішчала, як алюміній, непранікальнае неба населенага вострава. Каменныя прыступкі абпальвалі скрозь падноскі, а можа быць, гэта толькі здавалася. Усё было па-дурному. Уся задума была бяздарнай. На халеру ўсё гэта рабіць, калі падрыхтавацца толкам не пасьпелі... А раптам там сядзіць не адзін афіцэр, а два? Ці нават тры афіцэры сядзяць у гэтым пакойчыку і чакаюць мяне з аўтаматамі напагатове?... Ротмістр Чачу страляў зь пісталета, калібр той жа, толькі куль будзе больш, і я ўжо ня той, што раней, ён ужо ґрунтоўна ўкатаў мяне, мой населены востраў. І выпаўзьці на гэты раз не дадуць... Я — дурань. Быў дурань, дурнем і застаўся. Купіў мяне пан пракурор, злавіў на вуду... Але як ён мне паверыў? Розум ня йме... Добра было б зараз уцячы ў горы, падыхаць чыстым горным паветрам, так мне і не давялося пабываць у тутэйшых гарах... Вельмі люблю горы... Такі разумны, недаверлівы чалавек — і даверыў мне такую ​​каштоўнасьць! Найвялікшы скарб гэтага сьвету! Гэты гнюсны, агідны, подлы скарб... Будзь ён пракляты, масаракш, і яшчэ раз масаракш, і яшчэ трыццаць тры разы масаракш!

Ён адкрыў шкляныя дзьверы і працягнуў гвардзейцу ўваходны пропуск. Потым ён перасёк вэстыбюль — паўз дзяўчыну ў акулярах, якая ўсё ставіла штампы, паўз адміністратара ў каскетцы, які ўсё лаяўся з кімсьці па тэлефоне, — і ля ўваходу ў калідор паказаў іншаму гвардзейцу ўнутраны пропуск. Гвардзеец кіўнуў яму, яны былі ўжо, можна сказаць, знаёмыя: апошнія тры дні Максім прыходзіў сюды штодня.

Далей.

Ён прайшоў па доўгім, без дзьвярэй, калідоры і павярнуў налева. Тут ён быў усяго другі раз. Першы раз — заўчора, па памылцы. («Вам уласна куды трэба, пане?» — «Мне ўласна трэба ў шаснаццаты пакой, капрале». — «Вы памыліліся, пане. Вам — у наступны калідор». — «Выбачайце, капрале, вінаваты. Сапраўды...»)