Читать «Населены востраў» онлайн - страница 188

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Частка акта, якая тычылася работ сэктара абароны ад выпраменьваньня, ён прагледзеў яшчэ больш нядбайна. Топчацеся на месцы, абвясьціў ён. Па фізычнай абароне наогул нічога не дамагліся, па фізыялягічнай — і таго менш... Фізыялягічная абарона — гэта ўвогуле ня тое, што нам трэба: дзеля чаго гэта я дам сябе рэзаць, яшчэ ідыётам зробіце... А вось хімікі малайцы — яшчэ хвіліну выйгралі. У мінулым годзе хвіліну, ды ў пазамінулым годзе паўтары... што ж гэта атрымліваецца? Значыць, цяпер я магу прыняць пілюлю і замест трыццаці хвілін буду мучыцца дваццаць дзьве... Што ж, нядрэнна. Амаль трыццаць адсоткаў... Запішы-ка маё меркаваньне: узмацніць тэмпы работы па фізычнай абароне, заахвоціць работнікаў аддзелу хімічнай абароны. Усё.

Ён перакінуў лісткі Апалоніку.

— Загадай гэта аддрукаваць начыста... і маё меркаваньне... А зараз, праформы дзеля, праводзь-ка мяне... ну, скажам... э-э... У фізыкаў я мінулага разу быў, праводзь-ка ты мяне да хімікаў, пагляджу, як там у іх...

Апалонік ускочыў і зноў ударыў па кнопках, а пракурор падняўся з выглядам незвычайнай стомы.

У суправаджэньні Апалоніка і дзённага рэфэрэнта ён нетаропка пайшоў па лябараторыях аддзелу хімічнай абароны, ветліва ўсьміхаючыся людзям з адным шаўронам на рукаве халата, паляпваючы часам па плячы бесшаўронных, затрымліваючыся каля двухшаўронных, каб паціснуць руку, здагадліва паківаць галавой і даведацца, ці няма прэтэнзіяў.

Прэтэнзіяў не было. Усе быццам бы працавалі або рабілі выгляд, што працуюць, — у іх не зразумееш. Міргалі нейкія лямпачкі на нейкіх прыладах, варыліся нейкія вадкасьці ў нейкіх сасудах, пахла нейкай дрэньню, дзе-нідзе мучылі жывёл. Было ў іх тут чыста, сьветла, прасторна, людзі здаваліся сытымі і спакойнымі, энтузіязму не праяўлялі, зь інспэктарам трымаліся цалкам карэктна, але без усякае цеплыні і ўжо ва ўсякім разе без дарэчнае лісьлівасьці.

І амаль у кожным пакоі — будзь гэта кабінэт або лябараторыя — вісеў партрэт Вандроўніка: над працоўным сталом, побач з табліцамі і графікамі, у прасьценку паміж вокнамі, над дзьвярыма, часам ляжаў пад шклом на стале. Гэта былі аматарскія фатаграфіі, малюнкі алоўкам або вуглём, адзін партрэт быў нават напісаны алейнай фарбай. Тут можна было ўбачыць Вандроўніка, які грае ў мяч, Вандроўніка, які чытае лекцыю, Вандроўніка, які грызе яблык, Вандроўніка суровага, задуменнага, стомленага, разьюшанага і нават Вандроўніка, які рагатаў на ўсё горла. Гэтыя сукіны дзеці нават малявалі на яго шаржы і вешалі іх на самых прыметных месцах!... Пракурор уявіў, як ён уваходзіць у кабінэт малодшага дарадцы юстыцыі Фільціка і знаходзіць там карыкатуру на сябе. Масаракш, гэта было неверагодна, немагчыма!