Читать «Населены востраў» онлайн - страница 187

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Пракурор усё гэта добра ведаў, ён асабіста тры разы найдасканалейшым чынам правяраў Апалоніка і тым ня менш зараз, разглядаючы яго, забаўляючыся ім, ён раптам злавіў сябе на думцы, што Апалонік далібог ведае, прайдзісьвет, дзе знаходзіцца Вандроўнік і жудасна баіцца, што гэта зь яго зараз выцягнуць. І пракурор не ўтрымаўся.

— Прывітаньне ад Вандроўніка, — сказаў ён нядбайна, пастукваючы пальцамі па падлакотніку.

Апалонік хутка паглядзеў на пракурора і тут жа адвёў вочы.

— М-м... так... — сказаў ён, пакусваючы губу. — Кхе... Цяпер вось... гм... гарбату прынясуць...

— Ён прасіў цябе патэлефанаваць, — сказаў пракурор яшчэ больш нядбайна.

— Што?... А-а... Ладна... Гарбата ў мяне сёньня будзе выключная. Новая сакратарка проста-ткі знаўца ў гарбатах... То бок... кхе... а куды яму патэлефанаваць?

— Не разумею, — сказаў пракурор.

— Не, я да таго, што... гм... калі яму патэлефанаваць, то трэба ж ведаць... кхе... тэлефон... ён жа ніколі тэлефону не пакідае... — Апалонік раптам замітусіўся, пакутліва счырванеў, запляскаў па стале далонямі, знайшоў аловак. — Куды ён загадаў патэлефанаваць?

Пракурор адступіўся.

— Гэта я пажартаваў, — сказаў ён.

— А?... Што?... — на твары Апалоніка імгненна, зьмяняючы адзін аднаго, прамільгнула мноства падазроных выразаў. — А! Пажартаваў? — ён загігікаў фальшывым сьмехам. — Гэта ты спрытна мяне... Вось пацеха! А я ўжо думаў... Га-га-га!... А вось і гарбатка!

Пракурор прыняў з выпешчаных рук выпешчанай сакратаркі шклянку моцнай гарачай гарбаты і сказаў:

— Добра, пажартавалі і хопіць. Часу мала. Дзе твая папера?

Апалонік, зрабіўшы масу непатрэбных рухаў, дастаў са стала і працягнуў пракурору праект інспэкцыйнага акту. Мяркуючы па тым, як ён пры гэтым скарачаўся і курчыўся, праект быў набіты фальшывай інфармацыяй, меў на мэце ўвесьці інспэктара ў зман і наогул быў складзены з падрыўнымі намерамі.

— Н-нуце-с... — прамовіў пракурор, прыцмокваючы кавалачкам цукру. — Што тут у цябе?... «Акт праверачнага абсьледаваньня»... Н-ну... Лябараторыя інтэрфэрэнцыі... лябараторыя спэктральных дасьледаваньняў... лябараторыя інтэгральнага выпраменьваньня... Нічога не разумею, чорт нагу зломіць. Як ты ва ўсім гэтым разьбіраешся?

— А я... гм... Я, ведаеш, таксама не разьбіраюся, я ж па спэцыяльнасьці... гм... адміністратар, я ў гэтыя справы ня ўмешваюся.

Апалонік хаваў вочы, пакусваў вусны, з размаху кудлаціў на сабе валосьсе, і ўжо было зусім ясна, што ніякі ён не адміністратар, а ханційскі шпіён з вышэйшай спэцыяльнай адукацыяй. Ну й фігура!...

Пракурор зноў зьвярнуўся да акту. Ён зрабіў глыбокадумную заўвагу аб перавыдатку сродкаў, дапушчаным групай узмацьненьня магутнасьці, спытаў, хто такі Зой Баруту, ці не сваяк ён Мору Баруту, славутаму пісьменьніку-прапагандысту, адпусьціў папрок з нагоды бязьлінзавага рэфрактомэтра, які каштаваў шалёныя грошы, а да гэтага часу не асвоены, і падвёў вынік па работах сэктара дасьледаваньняў і ўдасканаленьня выпраменьваньня, сказаўшы, што істотных зрухаў яму ня бачыцца (і дзякуй богу, у думках дадаў ён) і што гэтае ягонае меркаваньне абавязкова належыць занесьці ў чыставы варыянт акта.