Читать «Населены востраў» онлайн - страница 186

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Машына спынілася, рэфэрэнт расчыніў дзьверцы. Пракурор вылез, падняўся па прыступках у зашклёны вэстыбюль. Апалонік са сваімі халуямі ўжо чакаў яго. Пракурор з належнай нудотай на твары млява паціснуў Апалоніку руку, паглядзеў на халуёў і дазволіў правесьці сябе ў ліфт. У кабіну ўвайшлі па рэглямэнце: пан дзяржаўны пракурор, за ім пан намесьнік начальніка дэпартамэнту, сьледам — ​​халуй пана дзяржаўнага пракурора і старэйшы з халуёў пана намесьніка начальніка. Іншых пакінулі ў вэстыбюлі. У кабінэт Апалоніка ўвайшлі зноў па рэглямэнце: пан пракурор, за ім Апалонік, халуя пана пракурора і старэйшага халуя Апалоніка пакінулі за дзьвярыма ў прыёмнай. Пракурор зараз жа стомлена пагрузіўся ў крэсла, а Апалонік неадкладна замітусіўся, забіў пальцамі па кнопках на краі стала і, калі ў кабінэт зьбеглася цэлая плойма сакратароў, загадаў падаць гарбату.

Першыя некалькі хвілін пракурор для забавы разглядаў Апалоніка. У Апалоніка быў на рэдкасьць вінаваты выгляд. Ён пазьбягаў глядзець у вочы, раз-пораз прыгладжваў валосьсе, бессэнсоўна паціраў рукі, ненатуральна пакашліваў і рабіў мноства бессэнсоўных мітусьлівых рухаў. У яго заўсёды быў такі выгляд. Зьнешнасьць і паводзіны былі ягоным асноўным капіталам. Ён выклікаў бесьперапынныя падазрэньні ў нячыстым сумленьні і наклікаў на сябе бесьперапынныя дбайныя праверкі. Дэпартамэнт грамадзкага здароўя вывучыў ягонае жыцьцё па гадзінах. І паколькі жыцьцё ягонае было бездакорным, а кожная новая праверка толькі пацьвярджала гэты нечаканы факт, прасоўваньне Апалоніка па службовай лесьвіцы адбывалася з выключнай хуткасьцю.