Читать «Населены востраў» онлайн - страница 185

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ён абарваў сябе і вярнуўся да стала, пакасіўся на жоўты тэлефон, усьміхнуўся, зьняў навушнік зялёнага тэлефона і выклікаў намесьніка начальніка Дэпартамэнтау спэцыяльных дасьледаваньняў.

— Апалонік? Добрай раніцы, гэта Разумнік. Як ты сябе адчуваеш? Як страўнік?... Ну, выдатна... Вандроўніка яшчэ няма?... Ага... Ну, добра... Мне патэлефанавалі зьверху і загадалі трошкі вас праінспэктаваць... Не-не, я думаю, гэта чыстая фармальнасьць, я ўсё роўна ў вас ні чорта не разумею, але ты падрыхтуй там які-небудзь рапарт... праект заключэньня інспэкцыі і ўсё такое. І паклапаціся, каб усе былі на месцах, а ня як мінулага разу... Ум-гу... Гадзіны каля адзінаццатай, напэўна... Ты зрабі так, каб а дванаццаці я ўжо змог зьехаць з усімі дакумэнтамі... Ну, да сустрэчы. Пойдзем пакутаваць... А ты таксама пакутуеш? Або вы ўжо, можа быць, даўно прыдумалі абарону, толькі ад начальства хаваеце? Ну-ну, я жартую... Пакуль.

Ён паклаў навушнік і зірнуў на гадзіньнік. Было бяз чвэрці дзесяць. Ён гучна застагнаў і пацягнуўся ў ванную. Зноў гэты кашмар... паўгадзіны кашмару. Ад якога няма абароны... ад якога няма выратаваньня... ад якога жыць ня хочацца... Як гэта ўсё-ткі крыўдна: Вандроўніка давядзецца пашкадаваць.

Ванна была ўжо поўная гарачай вады. Пракурор скінуў халат, сьцягнуў начную сарочку і сунуў пад язык болесуцішальнік. І так усё жыцьцё. Адна дваццаць чацьвёртая ўсяго жыцьця — пекла. Больш за чатыры адсоткі... І гэта — ня лічачы выклікаў наверх. Ну выклікі хутка скончацца, а гэтыя чатыры адсоткі застануцца да канца... Зрэшты, гэта мы яшчэ паглядзім. Калі ўсё ўстановіцца, я возьмуся за Вандроўніка сам... Ён залез у ванну, устроіўся ямчэй, расслабіўся і стаў прыдумляць, як ён возьмецца за Вандроўніка. Але ён не пасьпеў нічога прыдумаць. Знаёмы боль ударыў у цемя, пракаціўся па хрыбетніку, запусьціў кіпцюр у кожную вузу, у кожны нэрв і пачаў драць — мэтадычна, зацята, у такт шалёным штуршкам сэрца...

Калі ўсё скончылася, ён яшчэ трохі паляжаў у млявай зьнямозе — пякельныя мукі таксама маюць свае вартасьці: паўгадзіны кашмару дарылі яму некалькі хвілінаў райскай асалоды — затым вылез, расьцёрся перад люстэркам, прыадчыніў дзьверы, прыняў ад камэрдынэра сьвежую бялізну, апрануўся, вярнуўся ў кабінэт, выпіў яшчэ адну шклянку цёплага малака, на гэты раз зьмешанага з гаючай вадой, зьеў вязкай кашыцы зь мёдам, пасядзеў трошкі проста так, канчаткова прыходзячы ў сябе, а потым патэлефанаваў дзённаму рэфэрэнту і загадаў падаваць аўтамабіль.

Да Дэпартамэнту спэцыяльных дасьледаваньняў вяла ўрадавая траса, пустая ў гэты час дня, абсаджаная кучаравымі дрэвамі, падобнымі на штучныя. Шафёр гнаў без прыпынкаў каля сьветлафораў, час ад часу ўключаючы гулкую басавітую сырэну. Да высокіх жалезных варотаў дэпартамэнту пад’ехалі бяз трох хвілін адзінаццаць. Гвардзеец у парадным мундзіры падышоў, нагнуўся, углядаючыся, пазнаў і аддаў чэсьць. У той жа момант вароты расчыніліся, адкрыўся густы сад, белыя і жоўтыя карпусы жылых дамоў, а за імі — гіганцкі шкляны паралелепіпэд інстытуту. Павольна праехалі па аўтамабільнай дарожцы з грознымі папярэджаньнямі наконт хуткасьці, абмінулі дзіцячую пляцоўку, прысадзісты будынак басэйну, стракаты вясёлы будынак клюбу-рэстарацыі, — і ўсё гэта ў зеляніне, у аблоках зеляніны, у хмарах зеляніны, і найвыдатнейшае найчысьцейшае паветра, і, масаракш! — нейкі пах стаіць тут дзіўны, нідзе такога не бывае, ні ў якім полі, ні ў якім лесе... Вох ужо гэты Вандроўнік, усё гэта ягоныя задумы, чортавыя грошы ўбуханыя ў гэта, але затое як яго тут любяць. Вось як трэба жыць, вось як трэба ўладкоўвацца. Убуханыя чортавыя грошы, Дзевер быў страшна незадаволены, ён і цяпер яшчэ незадаволены... Рызыка? Так, рызыка, вядома, была, рызыкнуў Вандроўнік, але затое цяпер ягоны дэпартамэнт — гэта ЯГОНЫ дэпартамэнт, тут яму ня здрадзяць, тут яго не падсядзяць... Пяцьсот чалавек у яго тут, з большага — моладзь, газэтаў яны не чытаюць, радыё ня слухаюць: часу, ці бачыце, няма, важныя навуковыя дасьледаваньні... так што выпраменьваньне тут б’е міма цэлі, дакладней, зусім у іншую цэль. Так, Вандроўнік, я б на тваім месцы доўга яшчэ цягнуў з абарончымі шаломамі. Можа быць, ты й цягнеш? Пэўна ж цягнеш. Але, чорт вазьмі, як цябе ўхапіць? Вось калі б знайшоўся другі Вандроўнік... Так, другой такой галавішчы няма ва ўсім сьвеце. І ён гэта ведае. І ён вельмі ўважліва сочыць за кожным больш ці менш таленавітым чалавекам. Прыбірае да рук зь юных гадоў, аблашчвае, аддаляе ад бацькоў — а бацькі і радыя, дурні, да сьмерці! — І вось, глядзіш, яшчэ адзін жаўнерык становіцца ў твой строй... Вох, як гэта здорава, што Вандроўніка зараз няма, якая гэта ўдача!