Читать «Населены востраў» онлайн - страница 184

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ён адвесіў парцьеру і прыклаў лоб да халоднага шкла. Ён амаль задушыў свой страх і, каб растаптаць яго канчаткова, да апошняй іскрынкі, ён уявіў сабе, як Мак з боем урываецца ў апаратную Цэнтру... але гэта мог бы зрабіць і Пухір з асабістай аховай, з гэтай бандай сваіх родных і стрыечных братоў, пляменьнікаў, пабрацімаў, выкармкаў, з гэтымі жудаснымі падонкамі, якія ніколі нічога ня чулі пра закон, якія заўсёды ведалі толькі адзін закон: страляй першым... трэба было быць Вандроўнікам, каб падняць руку на Пухіра — у той жа вечар яны напалі на яго прама каля брамы яго асабняка, зрашэцілі машыну, забілі шафёра, забілі сакратарку, і загадкавым чынам палеглі самі, усе да адзінага, усе дваццаць чатыры чалавекі з двума кулямётамі... Так, Пухір таксама мог бы ўварвацца ў апаратную, але там бы й заграз, далей бы ён не прайшоў, бо далей — бар’ер дэпрэсыйнага выпраменьваньня, а цяпер, можа быць, і два прамянёвых бар’еры, хапіла б аднаго, ніхто ня пройдзе там: вырадак самлее ад болю, а просты ляяльны грамадзянін падзе на калені і пачне ціха плакаць ад сьмяротнай тугі... Толькі Мак там пройдзе, і запусьціць свае ўмелыя рукі ў генэратары, і перш за ўсё пераключыць Цэнтр, усю сыстэму вежаў, на дэпрэсыйнае поле. Затым, ужо зусім бесьперашкодна, ён паднімецца ў радыёстудыю і паставіць там плёнку з загадзя падрыхтаванай прамовай на шматцыклавую перадачу... Уся краіна ад ханційскай мяжы да Зарэчча — у дэпрэсіі, мільёны дурняў валяюцца, абліваючыся сьлязьмі, не жадаючы паварушыць пальцам, а рэпрадуктары ўжо равуць на ўсё горла, што Невядомыя Айцы злачынцы, іх завуць вось так і вось так, яны знаходзяцца вось там і вось там, забіце іх, ратуйце краіну, гэта кажу вам я, Мак Сім, жывы бог на зямлі (ці там — законны спадкаемец імпэратарскага пасаду, ці вялікі дыктатар... ці што яму больш спадабаецца). Да зброі, мая Гвардыя! Да зброі, мая армія! Да зброі, мае падданыя!... А сам у гэты час спускаецца назад у апаратную і перамыкае генэратары на поле павышанай увагі, і вось ужо ўся краіна слухае, разьвесіўшы вушы, імкнучыся ня выпусьціць ані слова, вывучаючы на памяць, паўтараючы пра сябе, а гучнагаварыцелі равуць, вежы працуюць, і так доўжыцца яшчэ гадзіну, а потым ён перамыкае выпраменьвальнікі на энтузіязм, усяго паўгадзіны энтузіязму, і — канец перадачам... і калі я прыходжу ў сябе — масаракш, паўтары гадзіны пякельнага болю, але трэба, масаракш, вытрымаць, — Таты ўжо няма, нікога зь іх няма, ёсьць Мак, вялікі бог Мак, і ягоны верны дарадца, былы дзяржаўны пракурор, а цяпер — кіраўнік ураду вялікага Мака... а, бог зь ім, з урадам, я буду проста жывы, і мне нішто не пагражацьме, а там паглядзім... Мак ня з тых, хто кідае карысных сяброў, ён ня кідае нават бескарысных сяброў, а я буду вельмі карысным сябром. О, якім сябром я яму буду!...