Читать «Населены востраў» онлайн - страница 183

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Памяць адшыбла? — сказаў Тата. — Эх, ты, Разумнік. Што зьбіраешся рабіць? Разумнік.

— Я памыліўся... — прахрыпеў пракурор. — Памылка... Гэта ўсё з-за Дзяргунчыка...

— Памыліўся... Ну, добра, падумай, Разумнік. Падумай. Я табе яшчэ патэлефаную...

І ўсё. І няма яго. І невядома, куды тэлефанаваць яму — плакаць, маліць... Глупства, глупства. Нікому гэта не дапамагала... Добра... Пачакай... Ды пачакай ты, сволач! Ён з размаху ўдарыў раскрытай рукой аб край стала — каб у кроў, каб балюча, каб перастаць дрыжаць... Гэта крыху дапамагло, але ён яшчэ нахіліўся, адкрыў іншай рукой ніжнюю шуфляду стала, дастаў пляшку, зубамі выцягнуў корак і зрабіў некалькі глыткоў. Яго ўдарыла ў гарачку. Вось так... Спакойна... Мы яшчэ паглядзім... Гэта гонка: хто хутчэй. Разумніка так проста ня возьмеш, зь ім вы яшчэ паваждаецеся. Разумніка так адразу ня выклічаш. Калі б вы маглі выклікаць, то ўжо выклікалі б... Гэта нічога, што ён патэлефанаваў. Ён заўсёды так. Час ёсьць. Два дні, тры дні, чатыры дні... Час ёсьць! — прыкрыкнуў ён на сябе. Не псыхуй... Ён узьняўся і пайшоў коламі па кабінэце.

У мяне ёсьць на вас управа. У мяне ёсьць Мак. У мяне ёсьць чалавек, які не баіцца выпраменьваньня. Для якога не існуе перашкод. Які жадае перамяніць парадак рэчаў. Які вас ненавідзіць. Чалавек чысты і, такім чынам, адкрыты ўсім спакусам. Чалавек, які паверыць мне. Чалавек, які захоча сустрэцца са мной... Ён ужо зараз хоча сустрэцца са мной: мае агенты ўжо шмат разоў казалі яму, што дзяржаўны пракурор добры, справядлівы, вялікі знаўца законаў, сапраўдны вартаўнік законнасьці, што Айцы яго недалюбліваюць і церпяць яго толькі таму, што не давяраюць адзін аднаму... мае агенты паказвалі мяне яму, употай, у спрыяльных абставінах, і мой твар яму спадабаўся... І — найгалоўнейшае! — яму пад найстражэйшым сакрэтам намякнулі, што я ведаю, дзе знаходзіцца Цэнтр. Ён выдатна валодае тварам, але мне далажылі, што ў гэты момант ён выдаў сябе... Вось такі чалавек у мяне ёсьць — чалавек, які вельмі хоча захапіць Цэнтр і можа гэта зрабіць — адзіны з усіх... То бок, гэтага чалавека ў мяне пакуль няма, але сеткі расстаўленыя, прынада праглынутая, і сёньня я яго падсяку. Або я прапаў. Прапаў... прапаў...

Ён больш ня мог стрымаць уяўленьня. Ён бачыў гэты цесны пакойчык, абцягнуты цёмна-чырвоным аксамітам, душны, пракіслы, бяз вокнаў, голы абшарпаны стол і пяць пазалочаных крэслаў... А мы, усе астатнія, стаялі: я, Вандроўнік з вачыма прагнага забойцы і гэты лысы кат... гламазда, балбатун, бо ж ведаў, дзе Цэнтр, столькі людзей загубіў, каб даведацца, дзе Цэнтр, і — трапло, п’яніца, хвалько — хіба можна пра такія рэчы каму-небудзь казаць? Тым больш, сваякам... асабліва такім сваякам. А яшчэ начальнік Дэпартамэнту грамадзкага здароўя, вочы і вушы Невядомых Айцоў, браня й сякера нацыі... Тата сказаў, жмурачыся: «Сатры яго з твару зямлі», Вандроўнік стрэліў ва ўпор два разы, і Сьвёкар прабурчаў з незадавальненьнем: «Ізноў усю абіўку запырскалі...» І яны зноў пачалі спрачацца, чаму ў пакоі сьмярдзіць, а я стаяў на ватных нагах і думаў: «ведаюць ці ня ведаюць?», і Вандроўнік стаяў, выскаліўшыся, як галодны драпежнік і глядзеў на мяне, нібы здагадваўся... Ні чорта ён не здагадаўся... Цяпер я разумею, чаму ён заўсёды так клапаціўся, каб ніхто не пранікнуў у таямніцу Цэнтру. Ён заўсёды ведаў, дзе знаходзіцца Цэнтр, і толькі шукаў выпадку захапіць Цэнтр самому... Спазьніўся, Вандроўнік, спазьніўся... І ты, Тата, спозьнішся. І ты, Сьвёкар. А пра цябе, Дзяргунчык, і гаворкі няма...