Читать «Населены востраў» онлайн - страница 182

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Пракурор здрыгануўся: жоўты тэлефон ціхенька дзынкнуў. Толькі дзынкнуў і больш нічога. Ціхенька, нават мэлядычна. Ажыў на долю сэкунды і зноў замер, нібы нагадаў пра сябе... Пракурор, не адрываючы ад яго вачэй, правёў па лбе дрыготкімі пальцамі. Не, памылка... Вядома, памылка. Ці мала што, тэлефон — апарат складаны, іскра там якая-небудзь праскочыла... Ён выцер пальцы аб халат. І зараз жа тэлефон грымнуў. Як стрэл ва ўпор... як шабля па горле... як — з даху на асфальт... Пракурор узяў навушнік. Ён не хацеў браць навушнік, ён нават ня ведаў, што бярэ навушнік, ён нават уявіў сабе, быццам не бярэ навушнік, а хутка, на дыбачках бяжыць у спальню, апранаецца, выкочвае машыну з гаража і на гранічнай хуткасьці гоніць... Куды?

— Дзяржаўны пракурор, — сказаў ён хрыпла і пракашляўся.

— Разумнік? Гэта Тата гаворыць.

Вось... вось яно... Зараз: «Чакаем цябе праз гадзінку»...

— Я пазнаў, — сказаў ён бясьсільна. — Добры дзень, Тата.

— Зводку чытаў?

— Не.

«Ах, не чытаў? Ну, прыяжджай, мы табе прачытаем»...

— Усё, — сказаў Тата. — Прапаскудзілі вайну.

Пракурор глынуў. Трэба было нешта сказаць. Трэба было тэрмінова нешта сказаць, лепш за ўсё — пажартаваць. Тонка пажартаваць... Божа, дапамажы мне тонка пажартаваць!...

— Маўчыш? А што я табе казаў? Ня лезь у гэтую кашу, цывільных трымайся, цывільных, а не вайскоўцаў! Эх, ты, Разумнік...

— Ты — Тата, — выціснуў зь сябе пракурор. — Дзеці ж вечна ня слухаюцца бацькоў...

Тата хіхікнуў.

— Дзеці... — сказаў ён. — А дзе гэта сказана: «Калі дзіця тваё аслухаецца цябе...» Як там далей, Разумнік?

Божа мой, божа мой. «...сатры яго з твару зямлі». Ён так і сказаў тады: «сатры яго з твару зямлі», і Вандроўнік узяў са стала цяжкі чорны пісталет, марудліва падняў і два разы стрэліў, і дзіця ахапіла рукамі прабітую лысіну і павалілася на дыван...