Читать «Населены востраў» онлайн - страница 181

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Пракурор адчуў радасьць і, заўважыўшы, зараз жа пагасіў яе. Зноў эмоцыі, масаракш. Спакайней, Разумнік. Ты знаёмішся з новым чалавекам на імя Мак, ты павінен быць вельмі аб’ектыўным. Тым больш, што гэты новы Мак так не падобны на старога, цяпер ён зусім дарослы, цяпер ён ведае, што такое фінансы і дзіцячая злачыннасьць. Паразумнеў, пасуровеў наш Мак... Вось ён прабіўся ў штаб падпольля (рэкамэндавалі: Мэма Грамэну і Алу Зэф), як гром зь яснага неба абрынуўся там на іх з прапановай пра контр-прапаганду, штаб завыў — гэта азначала раскрыць шараговым членам сапраўднае значэньне вежаў, — але ж пераканаў Мак! Запалохаў іх там, заблытаў, прынялі яны ідэю контр-прапаганды, даручылі Маку распрацоўку... У абставінах ён разабраўся хутка, хутка і дакладна. І яны там гэта зразумелі — зразумелі, з кім маюць справу. Або проста адчулі... Вось апошняе данясеньне: фракцыя асьветнікаў прыцягнула яго да абмеркаваньня праграмы перавыхаваньня, і ён з радасьцю пагадзіўся. Адразу прапанаваў кучу ідэяў. Ідэйкі ня бог ведае якія, але ня ў гэтым справа, перавыхаваньне — наогул ідыятызм, важна тое, што ён ужо больш не тэрарыст, нічога ён ня хоча падрываць, нікога ня хоча забіваць; важна тое, што заняўся ён палітычнай дзейнасьцю, актыўна зарабляе сабе аўтарытэт у штабе, прамаўляе прамовы, крытыкуе, лезе наверх; важна тое, што ён мае ідэі, прагне іх ажыцьцявіць, а гэта менавіта тое, што нам трэба, пане Разумніку...

Пракурор адкінуўся на сьпінку крэсла.

І вось яшчэ тое, што трэба. Данясеньні аб спосабе жыцьця. Шмат працуе — і ў лябараторыі, і дома, — сумуе па-ранейшаму па той жанчыне, па Радзе Гаал, займаецца спортам, амаль ні з кім не сябруе, ня курыць, амаль ня п’е, у ежы вельмі памяркоўны. Зь іншага боку — выяўляе відавочную схільнасьць да раскошы ў побыце і ведае сабе цану: аўтамабіль, які належаў па штаце, прыняў як належнае, выказаўшы незадаволенасьць ягонай малой магутнасьцю і звыродлівасьцю; незадаволены таксама двухпакаёвай кватэрай — лічыць яе занадта цеснай і пазбаўленай элемэнтарных выгодаў; жыльлё сваё ўпрыгожыў арыгінальнымі карцінамі і антыкварнымі творамі мастацтва, патраціўшы на іх амаль увесь аванс... ну і гэтак далей. Добры матэрыял, вельмі добры матэрыял... А дарэчы, колькі ў яго грошай, што ён цяпер мае? Та-ак, кіраўнік тэмы ў лябараторыі хімічнага сынтэзу... аклад у сінім канвэрце... асабістая машына... двухпакаёвая кватэра на тэрыторыі Дэпартамэнту спэцыяльных дасьледаваньняў... Няблага яго ўладкавалі. І яшчэ больш, напэўна, паабяцалі. Хацеў бы я ведаць, як яму растлумачылі, навошта ён спатрэбіўся Вандроўніку. Гэта ведае Фанк, тлусты парсюк, але ён ня скажа, хутчэй здохне... Ах, калі б як-небудзь выцягнуць зь яго ўсё, што ён ведае! Зь якой асалодай я б потым яго прыкончыў... Колькі ён крыві мне папсаваў, шалудзівая скаціна... І Раду гэтую ён у мяне скраў, бо ж як бы яна мне цяпер спатрэбілася — Рада... якая гэта зброя, калі маеш справу з чыстым, сумленным, мужным Макам!... Зрэшты, цяпер гэта, можа быць, ня так ужо дрэнна... Ня я трымаю пад замкам тваю каханую, Мак, гэта ўсё Вандроўнік, гэта ўсё ягоныя інтрыгі, гэтага гнюснага шантажыста...