Читать «Населены востраў» онлайн - страница 178

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Максім ускочыў, раскідаўшы наваленыя галіны. Ён падбег да Гая, схапіў яго, падняў, паглядзеў у шкляныя вочы, прыціснуўся шчакой да шчакі, пракляў і тройчы пракляў гэты сьвет, у якім ён такі адзінокі і бездапаможны, дзе мёртвыя становяцца мёртвымі назаўсёды, бо нічога няма, бо няма чым зрабіць іх жывымі... Здаецца, ён плакаў, біў кулакамі па зямлі, таптаў белую каску, а потым Зэф пачаў працягла крычаць ад болю, і тады ён прыйшоў у сябе і, ня гледзячы вакол, не адчуваючы больш нічога, акрамя нянавісьці і прагі забіваць, пабрыў зноў наверх, на свой назіральны пост...

Тут таксама ўсё зьмянілася. Кустоў больш не было, сьпечаная гліна дымілася і патрэсквала, накіраваны на поўнач схіл пагорка гарэў. На поўначы барвовае неба зьлівалася з суцэльнай сьцяной чорна-карычневага дыму, і над гэтай сьцяной падымаліся, распухаючы на вачах, ярка-аранжавыя, нейкія алеіста-тлустыя хмары. І туды, дзе ўзносіліся да лопнутай ад удару нябеснай цьвердзі тысячы тысяч тон распаленага праху, спапялёныя да атамаў надзеі выжыць і жыць, у гэтую пякельную топку, учыненую няшчаснымі дурнямі для няшчасных дурняў, цягнуў з поўдня, нібы ў паддувала, лёгкі сыраваты вецер.

Максім паглядзеў уніз, на праход паміж пагоркамі. Праход быў пусты, узрытая гусеніцамі і абпаленая атамным ударам гліна курылася, тысячы агеньчыкаў танчылі на ёй — тлела лісьце і дагарала сарванае сучча. А раўніна на поўдні здавалася вельмі шырокай і вельмі пустыннай, яе больш не зацягвалі парахавыя газы, яна была чырвоная пад чырвоным небам, на ёй нерухома чарнелі самотныя скрыначкі — сапсаваныя і пашкоджаныя танкі штрафнікоў, і па ёй ужо набліжаўся да пагоркаў рэдкі зламаны ланцужок дзіўных машын.

Яны былі падобныя на танкі, толькі замест артылерыйскай вежы на кожнай быў усталяваны высокі рашэцісты конус зь цьмяным круглявым прадмэтам на верхавіне. Яны йшлі хутка, мякка перавальваючыся на няроўнасьцях, і яны былі ня чорныя, як танкі няшчасных штрафнікоў, ня шэра-зялёныя, як армейскія танкі прарыву, — яны былі жоўтыя, ярка-весела-жоўтыя, як гвардзейскія патрульныя аўтамабілі... Правага флянгу шарэнгі ўжо не было відаць за пагоркамі, і Максім пасьпеў налічыць усяго восем выпраменьвальнікаў. У іх здавалася нейкае нахабства гаспадароў становішча, яны йшлі ў бой, але не лічылі патрэбным ні хавацца, ні маскіравацца, яны наўмысна выстаўляліся напаказ і сваёй афарбоўкай, і сваім брыдкім пяцімэтровым гарбом, і адсутнасьцю звычайнага ўзбраеньня. Тыя, хто вёў гэтыя машыны і кіраваў імі, лічылі сябе, павінна быць, у поўнай бясьпецы. Зрэшты, наўрад ці яны пра гэта думалі, яны проста сьпяшаліся наперад, падсьцёбваючы прамянёвымі бізунамі жалезны статак, які каціўся зараз празь пекла, і яны, напэўна, нічога ня ведалі пра гэтыя бізуны, як ня ведалі й таго, што бізуны гэтыя хвастаюць іх саміх... Максім убачыў, што левафлянгавы выпраменьвальнік накіроўваецца ў лагчыну, і пайшоў яму насустрач, уніз па схіле пагорка.