Читать «Населены востраў» онлайн - страница 176

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Танк праскочыў праз густы струмень чорнага дыму: зьлева нехта гарэў. Праскочылі, і давялося адразу крута зьвярнуць, каб не наехаць на мёртвага, расплюшчанага гусеніцамі чалавека. Вынырнуў з дыму і схаваўся пакрыўлены памежны знак, за ім пайшлі падраныя, зьмятыя драцяныя загароды. Зь непрыкметнага акопчыку высунуўся на імгненьне чалавек у дзіўнай белай касцы, разьлютавана патрос узьнятымі кулакамі й адразу зьнік, нібы растварыўся ў зямлі. Дымная заслона наперадзе патроху разьвейвалася, і Максім убачыў бурыя круглыя ​​пагоркі, зусім блізка, і абрынданую брудам карму танка, які поўз чамусьці наўскасяк да агульнага руху, і яшчэ адзін падпалены танк. Максім адвярнуў налева, цэлячыся машынай у глыбокае, зарослае хмызьняком сядло паміж двума вышэйшымі пагоркамі. Ён быў ужо блізка, калі насустрач пырснуў агонь, і ўвесь танк загудзеў ад страшнага ўдару. Ад нечаканасьці Максім даў поўны газ, кусты і воблака бялявага дыму над імі скокнулі насустрач, мільганулі белыя каскі, скажаныя нянавісьцю твары, узьнятыя кулакі, потым пад гусеніцамі нешта жалезна затрашчала, ламаючыся, Максім сьціснуў зубы, узяў крута ўправа і павёў машыну далей ад гэтага месца, па касагоры, моцна хілячыся, ледзь не пераварочваючыся, агінаючы пагорак, і заехаў, нарэшце, у вузкую лагчыну, парослую маладзенькімі дрэўцамі. Тут ён спыніўся. Ён адкінуў пярэдні люк, высунуўся па пояс і агледзеўся. Месца было прыдатнае, з усіх бакоў танк абступалі высокія бурыя схілы. Максім заглушыў рухавік, і адразу ж Гай залямантаваў хрыплым фальцэтам нейкую адданую лухту, нешта недарэчна рыфмаванае, нейкую самаробную оду ў гонар найвялікшага і найулюбёнейшага Мака, — такую ​​песьню мог бы скласьці пра свайго гаспадара сабака, калі б навучыўся карыстацца чалавечай мовай.

— Змоўч, — загадаў Максім. — Выцягні гэтых людзей вонкі і ўкладзі каля машыны... Стой, я яшчэ ня скончыў! Рабі гэта асьцярожна, гэта мае любімыя сябры, нашыя з табой любімыя сябры...

— А ты куды? — спытаў Гай з жахам.

— Я буду тут, побач.

— Не сыходзь... — заныў Гай. — Ці дазволь, я пойду з табой...

— Ты мяне ня слухаешся, — строга сказаў Максім. — Рабі, што я загадаў. І рабі асьцярожна, памятай, што гэта нашыя сябры...

Гай забожкаў, але Максім ужо ня слухаў. Ён выбраўся з танка і пабег уверх па схіле пагорка. Дзесьці недалёка працягвалі йсьці танкі, натужна раўлі рухавікі, ляскалі гусеніцы, зрэдку бухалі гарматы. Высока ў небе правішчаў снарад. Максім, прыгнуўшыся, узьбег на вяршыню, прысеў на кукішкі паміж кустамі і яшчэ раз пахваліў сябе за такі ўдалы выбар месца.