Читать «Населены востраў» онлайн - страница 177

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Унізе — рукой падаць — аказаўся шырокі праход паміж пагоркамі, і па гэтым праходзе, уліваючыся з пакрытае дымам раўніны, згрудзіўшыся, гусеніца да гусеніцы, суцэльным патокам ішлі танкі — нізкія, пляскатыя, магутныя, зь велізарнымі плоскімі вежамі і доўгімі гарматамі. Гэта былі ўжо не штрафнікі, гэта праходзіла рэгулярная армія. Некалькі хвілін Максім, аглушаны і ўтароплены, назіраў гэтае відовішча, жудаснае і непраўдападобнае, як гістарычны кінафільм. Паветра хісталася і ўздрыгвала ад шалёнага грукату і рову, пагорак трапятаўся пад нагамі, як спалоханая жывёла, і ўсё-ткі Максіму здавалася, быццам машыны ідуць у змрочным пагрозьлівым маўчаньні. Ён выдатна ведаў, што там, пад бранявымі лістамі, хрыпяць ад энтузіязму ашалелыя жаўнеры, але ўсе люкі былі наглуха зачыненыя, і здавалася, што кожная машына — адзін суцэльны зьлітак неадухатворанага мэталу... Калі прайшлі апошнія танкі, Максім азірнуўся назад, уніз, і ягоны танк, нахілены сярод дрэў, падаўся яму ўбогай бляшанай цацкай, друзлай пародыяй на сапраўдны баявы мэханізм. Так, унізе прайшла Сіла... каб сустрэцца зь іншай, яшчэ страшнейшай Сілай, і згадаўшы пра гэтую іншую Сілу, Максім пасьпешна скаціўся ўніз, у гай.

Абмінуўшы танк, ён спыніўся.

Яны ляжалі радком: белы да сінечы Фанк, падобны на мерцьвяка, скурчаны Зэф, які стагнаў, учапіўшыся брудна-белымі пальцамі ў сваю рыжую шавялюру, і Крючок з застылай вясёлай усьмешкай і мёртвымі вачыма лялькі. Загад быў выкананы дакладна. Але Гай, увесь абадраны, увесь у крыві, таксама ляжаў паводаль, адвярнуўшы ад неба пакрыўджаны зьмярцьвелы твар, раскінуўшы рукі, і вакол яго трава была зьмятай і патаптанай, і валялася сплюшчаная белая каска ў цёмных плямах, а з разварочаных кустоў тырчалі яшчэ чыесьці ногі ў ботах. Масаракш... — прамармытаў Максім, з жахам уявіўшы сабе, як тут некалькі хвілін таму схапіліся насьмерць два рыкаючыя і выючыя сабакі, кожны на славу свайго гаспадара...

І ў гэты момант тая, іншая Сіла нанесла ўдар у адказ.

Максіму гэты ўдар прыйшоўся па вачах. Ён зароў ад болю, з усіх сілаў зажмурыўся і ўпаў на Гая, ужо ведаючы, што ён мёртвы, але намагаючыся ўсё-ткі закрыць яго сваім целам. Гэта было чыста рэфлекторнае — ён ні пра што не пасьпеў падумаць і нічога не пасьпеў адчуць, акрамя болю ў вачах, — ён быў яшчэ ў падзеньні, калі ягоны мозґ адключыў сябе.

Калі навакольны сьвет зноў зрабіўся магчымым для чалавечага ўспрыманьня, сьвядомасьць уключылася зноў. Прайшло, верагодна, вельмі мала часу, некалькі сэкундаў, але Максім ачуўся, увесь пакрыты густым потам, зь перасохлым горлам, і галава ягоная зьвінела, як быццам яго ўдарылі дошкай па вуху. Усё вакол зьмянілася, сьвет стаў барвовым, сьвет быў завалены лісьцем і абламаным гальлём, сьвет быў напоўнены распаленым паветрам, з чырвонага неба дажджом валіліся вырваныя з коранем кусты, палаючае лам’ё, камякі гарачай сухой зямлі. І стаяла хваравіта-зьвінячая цішыня. Жывых і мёртвых раскаціла па баках. Гай, засыпаны лісьцем, ляжаў ніцма кроках у дзесяці. Побач зь ім сядзеў Зэф, адной рукой ён па-ранейшаму трымаўся за галаву, а другой прыкрываў вочы. Фанк скаціўся ўніз, завязнуў у прамывіне і цяпер варочаўся там, цёрся тварам аб зямлю. Танк таксама зьнесла ніжэй і разьвярнула. Прыхіліўшыся да гусеніцы сьпіной, мёртвы Кручок па-ранейшаму весела ўсьміхаўся...