Читать «Населены востраў» онлайн - страница 175

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Танк, скаланаючыся, караскаўся на грэбень, шматкі дзёрну ляцелі з-пад гусеніцаў. Ззаду нічога ўжо не было відаць за шызым дымам, а наперадзе раптам расхінулася шэрая гліністая раўніна, і замаячылі ўдалечыні плоскія пагоркі на ханційскім баку, і танкавая лавіна, не збаўляючы ходу, паваліла туды. Шэрагаў больш не было, усе машыны імчалі навыперадкі, чапляючы адна адну, бессэнсоўна варочаючы вежамі... У аднаго танка на поўным хаду зьляцела гусеніца, ён ваўчком закруціўся на месцы, перавярнуўся, другая гусеніца сарвалася і цяжкай бліскучай зьмяёй узьляцела ў неба, вядучыя колы працягвалі шалёна круціцца, а зь ніжніх люкаў выскачылі два чалавечкі ў шэрым, саскочылі на зямлю і, размахваючы рукамі, пабеглі наперад, наперад, толькі наперад, на падступнага ворага... Бліснуў агонь, скрозь ляск і роў звонкім трэскам прарваўся гарматны стрэл, і адразу ўсе танкі прыняліся паліць, доўгія чырвоныя языкі выляталі з гарматаў, танкі прысядалі, падскоквалі, ахутваліся густым чорным дымам нячыстага пораху, і праз хвіліну ўсё зацягнула чорна-жоўтай хмарай, а Максім усё глядзеў, ня ў сілах адарваць вачэй ад гэтага ґрандыёзнага ў сваёй злачыннай недарэчнасьці відовішча, цярпліва аддзіраючы ад сябе чэпкія рукі Гая, які цягнуў, клікаў, маліў, прагнуў прыкрыць сваімі грудзьмі ад усіх небясьпекаў... Людзі, завадныя лялькі, зьвяры... Людзі.

Потым Максім апамятаўся. Пара было адбіраць кіраваньне. Ён спусьціўся ўніз, мімаходам паляпаў Гая па плячы — той забіўся ва ўзьнёслай гістэрыцы — чапляючыся за нейкія мэталічныя клямары, агледзеўся ў цеснай хісткай скрыні, ледзь не задыхнуўся ад газалінавага смуроду, разглядзеў зьмярцвела-бледны твар Фанка з закочанымі вачыма, Зэфа, што скурчыўся пад снараднай скрынкай, адштурхнуў Гая, які аддана ціснуўся да яго, і пралез да кіроўцы.

Кручок трымаў рычагі на сябе і з усіх сілаў паддаваў газу. Ён сьпяваў, ён крычаў такім дурным голасам, што яго было чуваць, і Максім нават разабраў словы «Падзячнай песьні». Цяпер трэба было неяк уціхамірыць яго, заняць ягонае месца і адшукаць у гэтым дыме зручны яр, або глыбокую калдобіну, або які-небудзь пагорак, каб было дзе схавацца ад атамных выбухаў... Але атрымалася не па пляне. Як толькі ён узяўся асьцярожна расьціскаць кулакі Кручка, адубелыя на рычагах, адданы раб Гай, які ўбачыў, што ягонаму гаспадару аказваецца непадпарадкаваньне, прасунуўся збоку і страшна ўдарыў звар’яцелага Кручка велізарным гаечным ключом у скронь. Кручок асеў, разьмяк і выпусьціў рычагі. Максім, разьлютаваўшыся, адшпурнуў Гая ў бок, але было ўжо позна, і не было часу жахацца і спагадаць. Ён адцягнуў труп, усеўся і ўзяў кіраваньне.

У назіральны люк амаль нічога не было відаць: невялікі ўчастак гліністай глебы, парослай рэдкімі травінкамі, і далей — суцэльная заслона шызага гару. Не магло быць і гаворкі — знайсьці што-небудзь у гэтай імгле. Заставалася адно: запаволіць ход і асьцярожна рухацца да таго часу, пакуль танк ня ўглыбіцца ў пагоркі. Зрэшты, запавольваць ход таксама было небясьпечна. Калі атамныя міны пачнуць ірвацца раней, чым ён дабярэцца да пагоркаў, можна асьлепнуць, ды й наогул згарэць... Гай цёрся то справа, то зьлева, зазіраў у твар, шукаў загадаў. «Нічога, дружа... — мармытаў Максім, адсоўваючы яго локцямі. — Гэта пройдзе... Усё пройдзе, усё будзе добра...» Гай бачыў, што зь ім гавораць, і тачыў сьлязу ад засмучэньня, што зноў, як тады, у бамбавозе, ня чуе ні слова.